2017-12-18 13:35:00

Італьянскі прэм’ер павіншаваў Папу з Днём нараджэння


Падзяку за “бесперапынны ўклад і заклікі да паляпшэння гэтага свету” выказаў у сваёй віншавальнай тэлеграме на імя Францішка прэм’ер-міністр Італіі Паола Джэнцілоні. Папа адзначаў 17 снежня 2017 г. свой 81-шы Дзень нараджэння.

Кіраўнік урада ўзгадаў аўдыенцыю, на якой Пантыфік прыняў дзевяць месяцаў таму кіраўнікоў дзяржаў Еўрапейскага Саюза, з нагоды святкавання шасцідзесятай гадавіны Рымскіх дамоваў. “У той дзень, - падкрэсліў Джэнцілоні - Ваша Святасць нагадаў усім нам, што “тыя, хто кіруе, павінны распазнаваць шляхі надзеі” (...) Хачу прызнацца, што гэтыя словы былі і будуць крыніцай натхнення для кожнай маёй ініцыятывы ў якасці кіраўніка ўрада Італіі”.

Прэм'ер-міністр выказаў асаблівую падзяку Францішку за ўстанаўленне Сусветнага дня бедных, “які прыцягнуў увагу ўсяго свету да праблемы эпахальнага значэння”. “Я лічу, што пастаянная ўвага Еўропы ў бліжэйшыя гады павінна быць накіравана на поўдзень, і думаю, што Італія абавязана выконваць задачу захавання ўвагі Еўропы ў гэтым кірунку”, - напісаў Джэнцілоні ў тэлеграме.

17 снежня Францішак адзначыў свой пяты Дзень нараджэння пасля абрання. Ён правёў яго разам з дзецьмі з ватыканскага педыятрычнага Дыспансэру св. Марты. У якасці падарунка Папа атрымаў ад іх танец, кароткае цыркавое прадстаўленне, віншавальныя спевы, вялікі торт і чатырохметровую піцу.








All the contents on this site are copyrighted ©.