2017-12-19 14:17:00

Беларусь: біскупы рыхтуюцца да “ad limina”


Беларускія біскупы рыхтуюцца да візіту “ad limina”, які пройдзе ў першы тыдзень лютага 2018 г. і падчас якога адбудзецца іх сустрэча з папам Францішкам. Гэта магчымасць падвесці вынікі, прызнаўся арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, падчас перадсвяточнай прэс-канференцыі 19 снежня ў Мінску.

“Праблема – гэта недастатковая колькасць святароў, праблема ў тым, што замежныя святары абмежаваныя ў сваёй дзейнасці, і біскуп не вырашае, ці гэты святар можа працаваць ці не можа, вырашаюць улады. Гэта сёння цяжка разумеюць за мяжой, нават у Расіі і Украіне. Таксама недастаткова касцёлаў, недастаткова пакліканняў, аб усім гэтым мы будзем казаць у Ватыкане. Праблемы сям’і імоладзі таксама.  Але ж ёсць і іншы бок: мінулі Юбілейны Год Міласэрнасці мінуў і Год Фацімскіх аб’яўленняў. Распавядзем аб гэтым:  колькі людзей было ў касцёлах, колькі вернікаў прыходзіна да споведзі. Прайшло пасяджэнне Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы, выдадзен Новы Запавет на беларускай мове – гэта ўсё пазітыўныя моманты”, - прызнаўся іерарх. 

Таксама біскупы падчас візіту ў Ватыкан перададуць запрашэнне Францішку наведаць Беларусь.

Падводзячы вынікі 2017 г., старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі адзначыў: год быў плённым – у першую чаргу ў духоўным плане. “Шмат падзей і шмат пастырскіх праграм было рэалізавана. Гэтым мы хацелі праславіць Бога і хацелі, каб наш беларускі народ удасканальваўся ў сваёй веры”, - сказаў арцыбіскуп. 

Не менш значным абяцае быць наступны год, цэнтральнай падзеяй якога стане Сінод Біскупаў па пытаннях моладзі, які пройдзе ў Ватыкане. Касцёл у Беларусі таксама будзе прадстаўлены на масштабным форуме са сваімі пытаннямі і прапановамі. А акрэсліць іх і зрабіць рахунак сумлення дапаможа агульнабеларускае спатканне моладзі. Магчымасць яго правядзення хутка абмяркуюць біскупы Беларусі.








All the contents on this site are copyrighted ©.