2017-12-19 13:01:00

Папа паедзе да рэліквій Падрэ Піо


17 сакавіка 2018 г. Пантыфік здзейсніць пастырскі візіт ў Петрэльчыну, у італьянскай дыяцэзіі Бэнэвэнта, які будзе прымеркаваны да 100-годдзя з’яўлення стыгматаў у св. Айца Піо, і ў Сан-Джавані-Ратонда, у дыяцэзіі Манфрэдонія-В’естэ-Сан-Джавані-Ратонда, каб адзначыць 50-ю гадавіну з дня смерці святога.

Папа Францішак з асаблівай пашанай ставіцца да Падрэ Піо. На яго асабістую просьбу, ў лютым 2016 г. рэліквіі святога былі выстаўлены ў ватыканскай базыліцы ў рамках святкавання Года Міласэрнасці.

Св. Піо з Петрэльчыны – харызматычны спавяднік, духоўны кіраўнік і стыгматык, адзін з самых папулярных святых Каталіцкага Касцёла. Да яго ў Сан-Джавані-Ратонда прыбывалі натоўпы людзей з многіх краін, наведвалі знакамітасці: каралеўскія сем’і, дзяржаўныя мужы, дзеячы культуры і мастацтва, іерархі. Капуцын памёр 23 верасня 1968 г. ва ўзросце 81 года. Ян Павел II далучыў яго да ліку благаслаўлёных 2 мая 1999 г., да ліку святых – 16 чэрвеня 2002 г. Яго жыццё было цесна звязана з двума італьянскімі мястэчкамі, куды паедзе Папа – у Петрэльчыне св. Піо нарадзіўся, а з Сан-Джавані-Ратонда была звязана яго пастрырская дзейнасць.








All the contents on this site are copyrighted ©.