2017-12-21 13:49:00

Папа: існуе недахоп хрысціянскай радасці ў свеце


Да сведчання хрысціянскай радасці, заклікаў Францішак 21 снежня 2017 г. падчас ранішняй св. Імшы ў Ватыкане. Ён спаслаўся на літургічныя чытанні дня (Саф 3, 14-18а; Лк 1, 39-45) і заўважыў, наколькі неабходна у наш час, каб хрысціяне ззялі радасцю знутры, што вынікае з прабачэння грахоў і блізкасці да Пана, адзначыў, што песімізм не характэрны для хрысціяніна.

Пацвярджэннем гэтаму з’яўляецца ўрывак з Кнігі прарока Сафоніі: “Адмяніў Пан прысуд над табою, прагнаў ворага твайго!”. Гаворка ідзе пра ўсведамленне таго, што Бог дараваў нам нашы грахі. Як вязень радуецца прабачэнню і хворы аднаўленню здароўя, мы таксама павінны ўсведамляць адкупленне, якое прыносіць нам Езус.

Пантыфік працытаваў аднаго філосафа, агностыка або атэіста, які крытыкаваў хрысціян за тое, што сцвярджаюць, што маюць Адкупіцеля, а па іх тварах гэтага зусім не заўважна. “Я паверу ў Адкупіцеля, калі яны будуць мець абліччы адкупленых, радасныя твары па прычыне адкуплення”, - сказаў філосаф. “Бог ёсць Богам прабачэння”, - сказаў Святы Айцец, і заклікаў прымаць гэта прабачэнне і ісці наперад з радасцю.

Яшчэ адной прычынай для радасці з’яўляецца той факт, што Пан заўсёды побач з намі. Францішак заахвоціў, каб кожны дзень кіраваць некалькі слоў да Хрыста, які суправаджае нас на жыццёвым шляху.

Пантыфік закрануў тэму жыццёвага песімізму. У выпадку хрысціяніна, ён узнікае па прычыне адсутнасці ўпэўненасці ў тым, што нашы грахі дараваныя, з-за адсутнасці досведу пяшчоты Бога. 

“У сённяшнім Евангеллі мы бачым гэтую радасць: “Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды”. Радасць таксама выяўляецца ў спешцы, таму што ласка Святога Духа не ведае спазнення. Божы Дух заўсёды ідзе хутка, заўсёды штурхае нас ісці наперад, як вецер, які дзьме ў ветразях, штурхае нас, як лодку”, - заўважыў Папа.

Францішак адзначыў, што гаворка ідзе пра радасць, ад якой дзіця ўзварухнулася ва ўлонні Альжбеты, падчас сустрэчы з Марыяй. “Але гэта і тая радасць, пра якую кажа нам Касцёл: давайце быць хрысціянамі радаснымі, з усёй сілай дэманстраваць, што мы перакананыя ў нашым адкупленні, што Пан нам усё дараваў. І калі здарыцца так, што ўпадзём, Ён нам прабачыць, таму што Бог ёсць Богам прабачэння, таму што Пан сярод нас, і Ён не дазволіць, каб мы апусцілі рукі. Вось сённяшняе паведамленне: “Устань!”. Словы, якія Езус звяртае да хворых: “Устань і хадзі, усклікай ад радасці, весяліся, радуйся і ўсклікай усім сэрцам тваім”, - завяршыў сваю гамілію Пантыфік.








All the contents on this site are copyrighted ©.