2017-12-22 11:30:00

Папа да францішканаў Святой Зямлі: нясіце сяброўства і мір


“Па прыкладзе св. Францішка пашырайце паўсюль сяброўства, салідарнасць і мір”, - пажадаў Пантыфік удзельнікам міжнароднай канферэнцыі, прымеркаванай да 800-годдзя прысутнасці францішканаў у Святой Зямлі. Форум праходзіць 21-22 снежня 2017 г. у Рыме і Асізі па ініцыятыве Міністэрства замежных спраў і міжнароднага супрацоўніцтва Італіі і Ватыканскага фонда “Міжнародны цэнтр Сям’і з Назарэта”.

У сваім дакуменце Святы Айцец адзначыў важнасць тэмы канферэнцыі: “Дыялог паміж культурамі і рэлігіямі ў спрыянні міру”. Яна асабліва актуальна ў кантэксце сітуацыі, якая склалася вакол Іерусаліма – горада, які павінен быць “усеагульным сімвалам мірнага суіснавання паміж рознымі народамі і рэлігіямі”, заўважыў Папа.

Пантыфік заклікаў францішканаў да сапраўднага служэння жыццю і годнасці чалавека, улічваючы адметнасць культур і рэлігійных традыцый, а таксама чалавечае і духоўнае багацце, прысутнае ў Святой Зямлі, гаворыцца ў пасланні, скіраваным за подпісам кардынала Пьетра Параліна, Дзяржсакратара Яго Святасці.

Францішканская правінцыя ў Святой Зямлі, якая на сённяшні дзень уключае ў сябе тэрыторыю Ізраіля, Палестыны, Іарданіі, Сірыі, Лівана, Родаса і Кіпру, была заснавана ў 1217 г., пасля таго, як на Блізкі Усход прыбылі першыя манахі, пасланыя св. Францішкам Асізскім. Сёння яна называецца Кустодыяй Святой Зямлі. 

Святкаванне юбілею францішканскай прысутнасці ў рэгіёне завершыцца ў 2019 г., калі споўніцца 800 гадоў з пілігрымкі на гэтыя землі самаго св. Францішка, які прыйшоў у Даміетэ ў Егіпце, дзе размаўляў з мясцовым султанам. Гэта быў рэдкі на той час выпадак узаемапаважлівага дыялогу паміж хрысціянінам і мульманінам.








All the contents on this site are copyrighted ©.