cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Грамадства \ Сям'я і моладзь

Кардынал Паралін: якое Божае Нараджэнне без Хрыста?

Кардынал Паралін: якое Божае Нараджэнне без Хрыста?

23/12/2017 14:05

Мы рызыкуем адсвяткаваць Божае Нараджэнне толькі з аздабленнямі, падарункамі і пасланнямі ў “WhatsApp”, папярэдзіў кардынал Пьетра Паралін, Дзяржсакратар Яго Святасці Папы, падчас Эўхарыстыі, якую 22 снежня 2017 г. цэлебраваў у рымскім аддзяленні “Італьянскага цэнтра салідарнасці” (Centro italіano di solidarietà) – структуры, мэта якой заключаецца ў прадухіленні і процідзеянні сацыяльнай ізаляцыі людзей, перш за ўсё тых, якія трапілі ў пастку наркаманіі. 

У літургіі прынялі ўдзел маладыя людзі, якія змагаюцца з наркатычнай і іншымі залежнасцямі, маладыя маці і жанчыны, якія сталі ахвярамі гвалту або засталіся ў самотнасці разам з малымі дзецьмі на руках. Прысутнічала таксама мэр Рыма Вірджынія Раджы, якая звярнула ўвагу на актуальнасць праблемы наркотыкаў для Вечнага горада. 

У гаміліі кардынал Паралін нагадаў пра рызыку пераўтварэння Божага Нараджэння ў “пустое свята”, пазбаўленае прысутнасці Езуса Хрыста, прыйсце Якога на свет зводзіцца толькі да “далёкага ў часе гістарычнага факту”. Аднак, паводле яго слоў, немагчыма адзначаць свята, без яго галоўнай дзеючай асобы.

“Мы рызыкуем адзначаць Нараджэнне Езуса забыўшыся пра Яго. Але Езус нараджаецца кожны дзень, таксама і сёння ў нашых сэрцах, асабліва ў вашых, якія вырашылі змяніцца пасля драматычнага перыяду жыцця, пазначанага залежнасцямі. Божае Нараджэнне – гэта не толькі гістарычная падзея. Яно пастаянна аднаўляецца ў нас, бо Пан жадае, каб мы адраджаліся з Ім да жыцця, якое будзе годнае таго, каб яго пражыць”, - сказаў бліжэйшы супрацоўнік Папы.

Паводле кардынала Параліна, каб па-сапраўднаму перажыць Божае Нараджэнне не дастаткова ўпрыгожыць святочную ёлку і паставіць яслі, купіць мноства падарункаў ці адправіць хвалю ідэнтычных пасланняў з дапамогай мэсэнджэраў, нават калі яны будуць з выявамі і відэаролікамі на святочную тэматыку. Акрамя складання віншаванняў, тым хто знаходзіцца побач, важна споўніць Евангелле, “быць пакорнымі і адкрыцца на іншага чалавека”, адзначыў высокі ватыканскі іерарх.

Кардынал Паралін наведвае рымскае аддзяленне “Італьянскага цэнтра салідарнасці” перад урачыстасцю Божага Нараджэння ўжо трэці год запар. У лютым 2016 г. папа Францшак здзейсняў візіт у аддзяленне гэтай дабрачыннай арганізацыі ў Кастэль-Гандольфа.


23/12/2017 14:05