2017-12-23 12:12:00

Сакратарыят па камунікацыі і салезіяне падпісалі дамову


Ватыканскі Сакратарыят па камунікацыі і Таварыства св. Францішка Сальскага падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве. З боку Апостальскай Сталіцы свой подпіс пад дамовай паставіў прэфект Сакратарыяту, кс. прэлат Дарыё Вігано, а з боку Ордэна Салезіянаў – яго генеральны настаяцель, кс. Анхель Фернандэс Арцімэ.

Пагадненне разлічана на тры гады і можа быць працягнута. Яно прадугледжвае ўзаемадзенне ў сферы ватыканскай камунікацыйнай сістэмы, у святле рэформы, якая праводзіцца згодна з жаданнем папы Францішка, гаворыцца ў апублікаваным 23 снежня 2017 г. паведамленні Сакратарыяту па камунікацыі. 

Раней аналагічная дамова была заключана паміж Святым Пасадам і Таварыствам Езуса, які прысутнічае ў камунікацыйнай сістэме Апостальскай Сталіцы ў якасці місіянерскай супольнасці. Цяпер у гэтай сферы будзе прысутнічаць таксама і харызмат духоўных паслядоўнікаў св. Яна Боско.

Некалькі дзён таму Сакратарыят па камунікацыі Святога Пасаду і італьянскае тэлебачанне “RAI” абвясцілі аб падпісанні мемарандума аб узаемаразуменні, які пашырае адносіны паміж бакамі ў аўдыёвізуальным сектары. 

Заключэнне падобных пагадненняў адпавядае духу рэформы ватыканскіх СМІ. Святому Пасаду патрэбны новыя альянсы на рэдакцыйным і тэхналагічным узроўнях, падкрэсліваў прэфект Сакратарыяту па камунікацыі, кс. прэлат Дарыё Вігано. 








All the contents on this site are copyrighted ©.