2017-12-25 12:37:00

“Urbi et Orbi”: абдымем Езуса ў пакутуючых дзецях


Працаваць, каб зрабіць свет больш чалавечым і годным дзяцей, заклікаў Святы Айцец Францішак у пасланні перад благаслаўленнем “Urbi et Orbi”. Пантыфік звярнуўся з ім 25 снежня 2016 г. з нагоды ўрачыстасці Божага Нараджэння.

“У Бэтлееме, ад Панны Марыі, нарадзіўся Езуc, - пачаў свой зварот Папа. - Ён нарадзіўся не па волі чалавека, але як дар любові Бога Айца, які “так палюбіў свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае” (Ян 3,16).

Гэта падзея аднаўляецца сёння ў Касцёле, пілігрыме ў часе: вера хрысціянскага народа перажывае ў літургіі Божага Нараджэння таямніцу Бога, Які прыходзіць, каб прыняць на сябе наша смяротнае цела, Які становіцца малым і бедным, каб збавіць нас. І гэта ўзрушвае нас, бо вельмі вялікая ласкавасць нашага Айца.

Першымі ўбачылі пакорную хвалу Збаўцы, пасля Марыі і Юзафа, бэтлеемскія пастухі. Яны распазналі знак, абвешчаны ім анёламі і аддалі пашану Дзіцятку. Гэтыя сціплыя, але чуваючыя людзі, з’яўляюцца прыкладам для вернікаў усіх часоў, якія, перад абліччам таямніцы Езуса, не абураліся Ягонай беднасці, але, як Марыя, даверыліся Божаму слову і сузіралі простымі вачыма Яго хвалу. Перад таямніцай уцелаўлёнага Слова, хрысціяне ва ўсім свеце вызнаюць словамі евангеліста Яна: “Убачылі мы славу Ягоную, славу, якую мае ад Айца Адзінародны, поўны ласкі і праўды” (1,14).

Па гэтай прычыне, у той час, калі у свеце дзьмуюць вятры вайны, а амаль пераадоленая мадэль развіцця працягвае ствараць чалавечы, сацыяльны і экалагічны заняпад, Божае Нараджэнне запрашае нас да знаку Дзіцятка і да распазнання Яго ў абліччах дзяцей, асабліва тых, для якіх, як для Езуса, “не было месца ў заездзе” (Лк 2,7).

Мы бачым Езуса ў дзецях Блізкага Усходу, якія працягваюць пакутаваць ад абвастрэння напружанасці паміж ізраільцянамі і палестынцам. У гэты святочны дзень папросім у Пана аб міры для Іерусаліма і ўсёй Святой Зямлі; памолімся, каб паміж бакамі панавала жаданне аднавіць дыялог і, нарэшце, можна было прыйсці да супольнага рашэння, якое дазволіць мірнае суіснаванне паміж двума дзяржавамі ў рамках узгодненых паміж імі і прызнаных на міжнародным узроўні межаў. Няхай Пан падтрымае таксама высілкі тых у міжнароднай супольнасці, хто кіруецца добрай воляй, каб дапамагчы гэтай спакутаванай зямлі знайсці, нягледзячы на цяжкія перашкоды, доўгачаканую згоду, справядлівасць і бяспеку.

Мы бачым Езуса ў абліччах дзяцей Сірыі, яшчэ пазначанай вайной, што заліла краіну крывёю ў апошнія гады. Няхай дарагая Сірыя зможа, нарэшце, знайсці павагу да годнасці кожнага чалавека праз супольныя намаганні, накіраваныя на адбудову сацыяльнага сферы, незалежна ад этнічнай і рэлігійнай прыналежнасці. Мы бачым Езуса ў дзецях Ірака, яшчэ параненага і падзеленага паміж варожасцю, якая яго пазначала на працягу апошніх пятнаццаці гадоў, і дзецях Емена, дзе трывае пераважна забыты канфлікт, з глыбокімі гуманітарнымі наступствамі для насельніцтва, што пакутуе ад голаду і распаўсюджвання хваробаў.

Мы бачым Езуса ў дзецях Афрыкі, асабліва ў тых, якія пакутуюць у Паўднёвым Судане, Самалі, Бурундзі, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы і Нігерыі.

Мы бачым Езуса ў дзецях усяго свету, дзе міру і бяспецы пагражае небяспека напружанасці і новыя канфлікты. Памоліся, каб на Карэйскім паўвостраве было пераадолена супрацьстаянне і ўзрастаў узаемны давер у інтарэсах усяго свету. Даверым Дзіцятку Езусу Венесуэлу, каб мог аднавіцца спакойны дыялог паміж рознымі часткамі грамадства на карысць ўсяго дарагога венесуэльскага народа, што пакутуе ад наступстваў палітычнага супрацьстаяння апошніх гадоў. Мы бачым Езуса ў дзецях, якія, разам са сваімі сем’ямі, пакутуюць ад гвалтоўнага канфлікту ва Украіне і яго цяжкіх гуманітарных наступстваў, і памолімся, каб Пан як мага хутчэй адарыў мірам гэтую дарагую краіну.

Мы бачым Езуса ў дзецях, бацькі якіх не маюць працы, і якія не могуць даць ім бяспечную і спакойную будучыню. Таксама ў тых, у якіх было скрадзена дзяцінства, вымушаных працаваць з маленства ці рэкрутаваных у салдаты бессаромнымі наёмнікамі.

Мы бачым Езуса ў шматлікіх дзецях, вымушаных пакідаць уласныя краіны, падарожнічаць самім у нечалавечых умовах, будучы лёгкай здабычай гандляроў людзьмі. Праз іх вочы мы бачым драму шматлікіх вымушаных мігрантаў, якія рызыкуюць нават жыццём, здзейсняючы цяжкія падарожжы, якія часам заканчваюцца трагедыямі. Я зноў бачу Езуса ў дзецях, якіх сустрэў падчас майго апошняга падарожжа ў М’янму і Бангладэш, і заклікаю міжнародную супольнасць не спыняць намаганні, каб годнасць меншасцяў, прысутных у рэгіёне, была абаронена належным чынам. Езус добра ведае боль непрыняцця і цяжкасць адсутнасці месца, дзе можна прыкласці галаву. Няхай нашы сэрцы не будуць зачыненымі, як былі дамы ў Бэтлееме.

Дарагія браты і сёстры, таксама і нам дадзены знак Божага Нараджэння: “Немаўля спавітае...” (Лк 2,12). Як Панна Марыя і св. Юзаф, як бэтлеемскія пастухі, прымем у Дзіцятку Езусе любоў Бога, Які стаў чалавекам для нас, і з дапамогай Ягонай ласкі, будзем працаваць, каб зрабіць наш свет больш чалавечым, больш годным дзяцей сучаснасці і будучыні”. 

Пасля благаслаўлення, Францішак прывітаў прысутныя на плошчы св. Пятра групы вернікаў і тых, хто сачыў за трансляцыяй, дзякуючы сродкам масавай камунікацыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.