2017-12-27 11:31:00

Папа: без Езуса не можа быць Божага Нараджэння


Езус з’яўляецца для нас Божым дарам, і калі Яго прымем, таксама і мы зможам стаць дарам для іншых, перш за ўсё для тых, хто не сустракае ўвагі і ласкавасці, падкрэсліў Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая 27 снежня 2017 г. прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI. Катэхезу Пантыфік прысвяціў значэнню ўрачыстасці Божага Нараджэння.

“У наш час, асабліва ў Еўропе, мы назіраем свайго роду “скажэнне” Божага Нараджэння: ў імя фальшывай павагі да нехрысціян, за якой часта хаваецца жаданне адсунуць веру на ўзбочыну, выключаюцца ўсе спасылкі на нараджэнне Езуса. Але ў рэальнасці гэта падзея з’яўляецца адзіным сапраўдным Божым Нараджэннем! Без Езуса няма Божага Нараджэння, гэта іншае свята! А вось калі Ён знаходзіцца ў цэнтры, тады таксама і ўсё навокал, гэта значыць агні, спевы, розныя мясцовыя звычаі, уключаючы традыцыйныя стравы, усё спрыяе стварэнню святочнай атмасферы. Але калі прыбраць Яго, святло пагасне і ўсё стане несапраўдным, вонкавым”, - сказаў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што сутнасцю Божага Нараджэння з’яўляецца дар Божага Сына для чалавецтва, якое пагрузілася ў ноч і санлівую нячуласць. “Таксама і сёння мы з’яўляемся сведкамі таго факту, што часта чалавецтва аддае перавагу цемры, бо ведае, што святло паказала бы ўсе яго дзеянні і думкі, якія выклікалі бы сорам і згрызоты сумлення. Па гэтай прычыне яно аддае перавагу таму, каб заставацца ў цемры і не змяняць сваіх памылковых звычак”, - заўважыў Пантыфік.

Папа падкрэсліў, што прыняць Езуса, значыць самім станавіцца дарам для тых, каго сустракаем на нашым шляху. “Вось чаму на Божае Нараджэнне мы абменьваемся падарункамі. Сапраўдным дарам для нас з’яўляецца Езус, і мы, як Ён, хочаць быць дарам для іншых”, - сказаў Папа і дадаў, што праз уцелаўленне, “Бог адкрыў нам шлях новага жыцця, якое грунтуецца не на эгаізме, а на любові”.

Па словах Святога Айца, адзначаючы Божае Нараджэнне, мы бачым, што Бог скіраваў сваё радаснае пасланне, у першую чаргу, да тых, хто быў выкінуты на ўзбочыну грамадства. “Гэтым людзям, якіх прадстаўляюць бэтлеемскія пастухі, “аб’явілася святло вялікае”. Ім, маргіналізаваным, якія не карысталіся павагай, якімі пагарджалі, у першую чаргу была аб’яўлена вялікая навіна. З гэтымі людзьмі, з малымі і пагарджанымі, Езус устанаўлівае сяброўства, якое працягваецца ў часе, і падтрымлівае надзею на лепшую будучыню. Гэтым людзям, якіх прадстаўляюць бэтлеемскія пастухі, аб’явілася вялікае святло, што прывяло іх да Езуса. Разам з імі, ва ўсе часы, Бог хоча будаваць новы свет, свет у якім больш не будзе адрынутых людзей, прыгнечаных і пазбаўленых сродкаў для жыцця”, - сказаў Пантыфік. 

Францішак заклікаў “адкрыць нашы думкі і сэрцы, каб прыняць гэту ласку”. “Езус з’яўляецца дарам для нас, і калі Яго прымем, мы таксама можам стаць дарам для іншых, асабліва для тых, хто не сустракае ўвагі і ласкавасці. Езус прыходзіць, каб нарадзіцца ў жыцці кожнага з нас, і праз нас, працягвае быць дарам збаўлення для малых і адчужаных”, - закончыў сваю катэхезу Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.