2017-12-27 12:48:00

Экалагічныя святочныя яслі ў рэзідэнцыі Папы


Святочныя яслі Божага Нараджэння, устаноўленыя ў ватыканскім Доме св. Марты, які з'яўляецца рэзідэнцыяй папы Францішка, утрымліваюць у сабе заклік да аховы навакольнага асяроддзя. Сцэна нараджэння Хрыста тут прадстаўлена не ў прывычным для італьянскага мастацтва гарадскім асяроддзі, а прыродным, паказваючы прыйсце Збаўцы на свет у маленькай пячоры, ва ўлонні маці Зямлі.

Паводле аўтара стаенкі, Алесандра Дзі Плачыдзі, сваёй працай ён пажадаў, у духу вучэння Святога Айца, скіраваць заклік да аховы стварэння і клопату аб навакольным асяроддзі, якое чалавек паступова знішчае, паведамляе ватыканская газета “L’Osservatore Romano”.

У святочных яслях, устаноўленых у рэзідэнцыі Папы, няма выпадковых дэталяў. Пагоркі, пячоры, расліны і іншыя элементы краявіду, якія акружаюць месца нараджэння Хрыста, з дакладнасцю перадаюць прыгажосць прыроды рэгіёну Лацыё, на тэрыторыі якога знаходзіцца Рым.

Галоўная ватыканская святочная стаенка ўстаноўлена на плошчы св. Пятра. Сёлета яна была зроблена неапалітанскімі майстрамі па замове бэнэдыктынскага абацтва ў Монтэвэрджынэ, у рэгіёне Кампанія, на поўдні Італіі. Акрамя традыцыйнай сцэны Божага Нараджэння ў ёй прадстаўлены таксама фігуры, якія сімвалізуюць учынкі міласэрнасці, рабіць якія часта заклікае Пантыфік.








All the contents on this site are copyrighted ©.