cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Святы Пасад \ Падзеі і дакументы

Бэнэдыкт XVI пра важнасць служэння кардынала Мюлера

Бэнэдыкт XVI нагадаў пра важнасць служэння кардынала Мюлера - REUTERS

28/12/2017 09:41

“Святар, а тым больш біскуп і кардынал, ніколі не знаходзіцца проста на пенсіі”, - напісаў Бэнэдыкт XVI у лісце да кардынала Герхарда Людвіга Мюлера, былога прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння. Ён быў змешчаны ў кнізе “Трыадзіны Бог. Хрысціянская вера ў секулярызаваную эпоху” (Der dreifaltige Gott. Christlicher Glaube im säkularen Zeitalter), выдадзенай на нямецкай мове з нагоды 70-годдзя іерарха і 40-годдзя яго святарства.

У 700-старонкавым выданні, між іншых, былі змешчаны тэксты кардынала Рэйнхарда Маркса, арцыбіскупа Мюнхена і старшыні Канферэнцыі Біскупаў Германіі, кардынала Анджэла Сколы, арцыбіскупа Мілана на пенсіі, кардынала Курта Коха, старшыні Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, а таксама арцыбіскупа Луіса Ладарыі, наступніка юбіляра на пасадзе прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння, і арцыбіскупа Рына Фізікелы, старшыні Папскай рады па новай евангелізацыі.

Бэнэдыкт XVI нагадаў, што пяцігадовы тэрмін для заняцця высокіх пасадаў у Рымскай курыі ўвёў яшчэ бл. Павел VI. Але нават калі кардынал Мюлер не будзе выконваць ніводнай канкрэтнай функцыі, ён працягне “публічна служыць умацаванню веры” як святар і тэолаг, перакананы Папа на пенсіі.

Служэнне прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння з'яўляецца вельмі важным, заўважыў Бэнэдыкт XVI, які сам яго здзейсняў на працягу доўгіх гадоў. Ён падкрэсліў, што ў выкананні гэтай місіі мудрасць вынікае не толькі з кампетэнтнасці ў пытаннях дактрыны, але таксама ў прызнанні межаў тэалагічных ведаў. Кардынал Мюлер, паводле яго слоў, правёў перыяд свайго служэння ў Рыме, намагаючыся рабіць гэта. “Ты бараніў ясныя традыцыі веры, але ў духу папы Францішка імкнуўся зразумець, як імі можна жыць сёння”, - напісаў Папа на пенсіі.

Кардынал Герхард Людвіг Мюлер адзначыць свой 70-гадовы юбілей 31 снежня 2017 г., а 40-годдзе святарства – 11 лютага 2018 г. Нямецкі іерарх займаў пасаду прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння з 2 ліпеня 2012 г. па 1 ліпеня 2017 г. Кардынал быў шматразова ўдастоены ступені ганаровага доктара ў многіх краінах. Апублікаваў больш за 400 кніг і артыкулаў. Яго найважнейшая праца – “Каталіцкая дагматычная тэалогія” – неаднаразова перавыдавалася і была перакладзеная на шматлікія мовы свету. Ён браў удзел у тэалагічным дыялогу з Рускай Праваслаўнай Царквой. Пра яго вялікія заслугі ў гэтым дыялогу згадваў Маскоўскі Патрыярхат у сувязі з яго прызначэннем на пасаду прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння.

Кангрэгацыя Веравучэння (лац. Congregatio pro Doctrina Fidei) – найстарэйшая і галоўная дыкастэрыя Рымскай курыі, заданнем якой з’яўляецца назіранне за чысцінёй дактрыны і маралі Каталіцкага Касцёла, па гэтай прычыне ўсё, што любым спосабам тычыцца гэтых пытанняў, знаходзіцца ў межах яе кампетэнцыі.


28/12/2017 09:41