2017-12-28 14:05:00

Папа прывітаў удзельнікаў Еўрапейскай сустрэчы моладзі


Пасланне Езуса – гэта невычэрпная крыніца радасці для тых, хто адкрывае на яго сваё сэрца, гаворыцца ў звароце папы Францішка да ўдзельнікаў 40-й Еўрапейскай сустрэчы моладзі, арганізаванай экуменічнай супольнасцю з Тэзэ. Сёлетні форум праходзіць з 28 снежня 2017 г. па 1 студзеня 2018 г. у швейцарскім горадзе Базэль. У ім прымаюць удзел каля 20 тыс. юнакоў і дзяўчат з усяго кантынента. 

Пасланне Cвятога Айца было скіравана праз кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна. “Папа заклікае вас дазволіць радасці, якая нараджаецца ў выніку сяброўства з Езусам, пасяліцца ў вас, гэтай радасці, якая ніколі не закрывае нас на іншых і пакуты гэтага свету. Ён вас запрашае заставацца паяднаннымі з Панам, праз малітву і слуханне Ягонага слова, каб Ён мог дапамагчы вам накіраваць вашы таленты на “развіццё культуры міласэрнасці, заснаванай на адкрыцці сустрэчы з іншымі: культуры, пры якой ніхто не глядзіць на іншага з абыякавасцю і не адварочвае позірку, калі бачыць пакуты братоў”, - гаворыцца з дакуменце.

Узгадваючы аб 500-годдзі Рэфармацыі, якое ўспаміналася сёлета, Папа пажадаў моладзі розных хрысціянскіх канфесій узбагачацца адметнасцю дароў, дадзеных ўсім вучням Хрыста, “каб паказаць, што радасць Евангелля нас яднае нягледзячы на ўсе раны нашых падзелаў”.   

Еўрапейскія сустрэчы моладзі, арганізаваныя супольнасцю з Тэзэ, праходзяць з 1978 г. на рубяжы старога і новага года, кожны раз у іншым горадзе кантынента. Мінулая сустрэча адбывалася ў Рызе. Яна стала першай, якая прайшла ў краіне былога Савецкага Саюза.

Экуменічная супольнасць у Тэзэ вядомая сваімі медытацыйнымі малітвамі і музыкай. Яна заснавана на прынцыпе сціплага жыццёвага ўзору і салідарнасці паміж хрысціянскімі супольнасцямі. Да яе належаць каля 100 мужчын, пратэстантаў і католікаў, з 25 краін. Яе прыёрам з’яўляецца 60-гадовы немец, брат Алоіз Лазэр.








All the contents on this site are copyrighted ©.