cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Сустрэчы і падзеі

Францішак да тэолагаў: паказаць сутнасць Евангелля

Францішак да тэолагаў: паказаць сутнасць Евангелля - REUTERS

29/12/2017 13:48

Займацца тэалогіяй трэба “на каленях” і “ў здзіўленні”, якое вядзе да сустрэчы з Хрыстом, падкрэсліў Францішак падчас сустрэчы з членамі Італьянскай тэалагічнай асацыяцыі. Аўдыенцыя адбылася 29 снежня 2017 г. у Клементыйскай зале ватыканскага Апостальскага палацу з нагоды 50-годдзя аб’яднання італьянскіх багасловаў, заснаванага пасля Другога Ватыканскага Сабора.

Святы Айцец звярнуўся да сваіх гасцей без загадзя падрыхтаванага тэксту прамовы. Ён адзначыў важнасць “sensus fidei” – свайго роду інтуіцыі, якая дапамагае не памыляцца ў пытаннях веры, і якая часта ўласціва простым вернікам.

Пантыфік заклікаў тэолагаў пагрузіцца ў жывую веру народа, таму што, каб быць па-сапраўднаму веруючымі, не абавязкова вывучаць тэалогію на акадэмічным узроўні. Многім людзям належыць глыбокае адчуванне веры, нават калі яны не маюць інтэлектуальных сродкаў, каб яго выразіць. Да гэтай іх здольнасці трэба прыслухоўвацца, лічыць Папа.

Паводле Францішка, “у місійным Касцёле, які імкнецца выйсці насустрач людзям”, тэалагічнае служэнне з’яўляецца “асабліва важным і тэрміновым”. Касцёл, “які пераасэнсоўвае сябе”, павінен паклапаціцца пра тое, каб вылучыць фундаментальную сутнасць Евангелля, якой з’яўляецца “прыгажосць збаўчай любові Бога, якая аб’явілася ў Езусе Хрысце, памерлым і ўваскрослым”, сказаў ён.

Праца тэолагаў неад’емная для таго, каб дазволіць людзям нашай эпохі пачуць сутнасць евангельскага паслання, каб яно дасягнула ўсіх людзей і прасякнула грамадства ва ўсіх яго вымярэннях. Неабходна пераасэнсаваць вялікія тэмы хрысціянскай веры ўнутры культуры, якая глыбока змянілася, лічыць Святы Айцец.

Паводле Пантыфіка, існуе патрэба ў тэалогіі, “якая дапаможа ўсім хрысціянам” абвяшчаць і паказваць “збаўчае аблічча Бога, міласэрнага Бога, асабліва перад абліччам некаторых беспрэцэндэнтных выклікаў”, з якімі сутыкаецца сучасны чалавек. Сярод іх Папа назваў экалагічны крызіс, развіццё нейранавук і тэхнік, “здольных змяняць чалавека”, “узрастаючую сацыяльную няроўнасць”, міграцыю цэлых народаў, тэарытычны і практычны рэлятывізм. 

Існуе патрэба ў тэалогіі, якой “будуць займацца хрысціяне, не жадаючыя проста размаўляць паміж сабой, але здольныя быць на службе розным Цэрквам і Касцёлу”, бяручы на сябе заданне “пераасэнсавання Касцёла дзеля яго адпаведнасці Евангеллю, якое ён павінен абвяшчаць”, дадаў Святы Айцец.

Францішак нагадаў пра каштоўнасць спадчыны Другога Ватыканскага Сабора. Ён падкрэсліў, што важна займацца “тэалогіяй разам”, а не ў духу індывідуалізма, абасобленасці ці, што яшчэ горш, канкурэнцыі. Даследванні тэолагаў не могуць быць асабістымі даследваннямі, але навуковымі пошукамі людзей, глыбока пагружаных у як мага шырэйшую тэалагічную супольнасць, падкрэсліў Папа.


29/12/2017 13:48