cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Святы Пасад \ Каментарыі

Ватыканскі іерарх: веру ў дыялог паміж рэлігіямі

Ватыканскі іерарх: веру ў дыялог паміж рэлігіямі - AFP

30/12/2017 11:15

Дыялог заўсёды магчымы і трэба спрыяць яму нягледзячы на перашкоды, асабліва ў свеце, дзе гвалтоўныя дзеянні ўсё часцей здзейсняюцца ў імя Бога ці рэлігіі, заўважыў кардынал Жан-Луі Таран, старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, у інтэрв’ю ватыканскай газеце “L’Osservatore Romano”.

Падводзячы вынікі адыходзячага года, ватыканскі іерарх падкрэсліў важнасць умацавання супрацоўніцтва паміж Святым Пасадам і ўніверсітэтам Аль-Азхар – галоўным інстытутам суніцкага іслама, які знаходзіцца ў Егіпце. У красавіку гэту навучальную ўстанову наведаў Пантыфік, дзе выступіў на Міжнароднай мірнай канферэнцыі, прысвечанай барацьбе з рэлігійным экстрэмізмам.

Найбольш знакавай падзеяй года, у сферы міжрэлігійнага дыялогу, кардынал Таран назваў сустрэчу Папы з Ахмедам аль-Таебам, вялікім імамам гэтай структуры, якая адбылася 7 лістапада ў Ватыкане. “На яе заканчэнне Францішак запрасіў шэйха на абед у Дом св. Марты, куды абодва пайшлі пешшу, працягваючы размову падчас кароткай прагулкі. Такім чынам намаганні Папы і нашы канкрэтызаваліся ў гэтым плённым візіце суніцкага рэлігійнага лідэра, які прайшоў у сяброўскай атмасферы”, - сказаў іерарх.

Кардынал Таран перакананы, што нягледзячы на цяжкасці, якія існуюць ў адносінах паміж рэлігіямі, магчыма жыць у міры, і гэта паказвае Пантыфік, які штодзённа падкрэслівае важнасць узаемнай павагі паміж вернікамі розных традыцый. “Гэта тычыцца не толькі мусульман, але, напрыклад, таксама будыстаў, што ён прадэманстраваў падчас нядаўняга падарожжа ў Азію”, - дадаў іерарх.

Каментуючы рашэнне Дональда Трампа аб прызнанні Іерусаліма сталіцай Дзяржавы Ізраіль, кардынал Таран падкрэсліў, што нягледзячы на гэта, ёсць надзея на трывалы мір на Блізкім Усходзе. “Дыялог павінен працягвацца на ўсіх узроўнях”, - сказаў ён і заўважыў, што менавіта ў той дзень, калі Прэзідэнт ЗША абвясціў аб сваім рашэнні, была створана працоўная група па міжрэлігійным дыялогу паміж Палестынай і Апостальскай Сталіцай. “Гэта важны прыклад міжрэлігійнага сведчання”, - дадаў высокі ватыканскі іерарх. 


30/12/2017 11:15