cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Святы Пасад \ Каментарыі

Кардынал Кох падвёў вынікі адыходзячага года

Кардынал Кох падвёў вынікі адыходзячага года - EPA

30/12/2017 10:16

Паглыбленне адносін з лютэранамі і праваслаўнымі, умацаванне экуменізму святых і мучанікаў – гэта асноўныя плёны адыходзячага года, заўважыў кардынал Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, у інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву “SIR”.

Ватыканскі іерарх падкрэсліў, што 2017 г. быў насычаны важнымі падзеямі і сустрэчамі з пункту гледжання экуменічнага дыялога. У гэтым сэнсе выключным стала 500-годдзе Рэфармацыі. Калі раней успамін гэтай падзеі заўсёды суправаджаўся антыкаталіцкай палемікай, то сёлета лютэране запрасілі католікаў узгадаць аб ёй сумесна.

“У мінулым паміж намі было шмат канфліктаў, мы спазналі падзел Касцёла, нават жудасныя войны, і за гэту гісторыю мы павінны прасіць прабачэння. Прабачэнне вельмі важнае сёння. Паглядзім на войны паміж сунітамі і шыітамі ў ісламскім свеце: трэба прызнаць, што мы рабілі тое самае, і павінны пакаяцца за гэта”, - сказаў кардынал Кох.

Гаворачы пра адносіны з Рускай Праваслаўнай Царквой, іерарх адзначыў важнае значэнне перэгрынацыі рэліквіі св. Мікалая па Расіі. Яны былі дастаўлены з італьянскага Бары ў Санкт-Пецярбург і Маскву па просьбе Патрыярха Кірыла. 

“Пасля сустрэчы з Папам, Патрыярх сустрэў моцны супраціў, у тым ліку ўнутры Рускай Праваслаўнай Царквы. Але дзякуючы прысутнасці рэліквій, ён мог сказаць: вось першы плён сустрэчы ў Гаване, і гэта вельмі дапамагло змяніць мысленне. Экуменізм святых адкрывае магчымасці, каб уключыць у дыялог вернікаў. Гэта цудоўна, што сустракаюцца кіраўнікі Цэркваў, але калі народ не будзе ўключаны, мы не можам крочыць наперад”, - сказаў кардынал.

Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству адзначыў добрыя адносіны паміж Каталіцкім Касцёлам і Копцкай Праваслаўнай Царквой. Ён нагадаў, што прадстаяцель коптаў, Патрыярх Тавадрас ІІ, вельмі адкрыты на католікаў, а сёлета ён нават устанавіў Дзень копцка-каталіцкага сяброўства, які будзе адзначацца ў Егіпце штогадова 10 мая.

Нажаль 2017 г. быў абцяжараны шматлікімі нападамі на хрысціян. “80% людзей, якіх пераследуюць ва ўсім свеце па рэлігійных прычынах, з’яўляюцца хрысціянамі. Я не ўпэўнены, што еўрапейскія хрысціяне ясна ўсведамляюць гэта. Для нашых братоў і сясцёр, якія падвяргаюцца ганенням, важнай з’яўляецца малітоўная і жыццёвая падтрымка”, - сказаў кардынал Кох.

Паводле ватыканскага іерарха, актуальнай тэмай застаецца экуменізм крыві. Аб ёй казаў яшчэ св. Ян Павел, які прысвяціў экуменізму мучанікаў цэлы раздзел сваёй энцыкліцы “Ut unum sint”. Аб ёй жа часта гаворыць і папа Францішак. “Хрысціян у свеце пераследуюць і забіваюць не таму што яны католікі ці праваслаўныя, пратэстанты ці лютэране, але таму што яны хрысціяне. Іх кроў яднае нас, а мучанікі на Небе ўжо знайшлі тое адзінства, якога мы шукаем на зямлі”, - падкрэсліў кардынал Кох.


30/12/2017 10:16