cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Аўдыенцыі і "Анёл Панскі"

Папа: місія сям’і – ствараць умовы для развіцця дзяцей

Папа: місія сям’і – ствараць умовы для развіцця дзяцей - AFP

31/12/2017 12:16

Місія сям’і – ствараць спрыяльныя ўмовы для гарманічнага і поўнага развіцця дзяцей, каб маглі весці добрае жыццё, годнае Бога і канструктыўнае для свету, падкрэсліў Францішак падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”, якая прайшла 31 снежня 2017 г. у Ватыкане.

“У гэту першую нядзелю пасля Божага Нараджэння святкуем свята Святой Сям’і з Назарэта і Евангелле запрашае нас да рэфлексіі над досведам, які перажылі Марыя, Юзаф і Езус, калі ўзрасталі разам, як сям’я, ва ўзаемнай любові і даверы да Бога, - падкрэсліў Папа. - Выразам гэтага даверу з’яўляецца абрад, які здзейснілі Марыя і Юзаф, ахвяруючы свайго сына Богу. Евангелле кажа: “Прынеслі Яго ў Ерузалем, каб прадставіць перад Панам” (Лк 2,22), як патрабаваў закон Майсея. Бацькі Езуса пайшлі ў святыню, каб пацвердзіць, што іх сын прыналежыць Богу, і што яны толькі абаронцы Яго жыцця, а не ўласнікі. Гэта прымушае нас задумацца: ўсе бацькі – абаронцы жыцця дзяцей, а не ўласнікі. Яны павінны дапамагчы ім расці і сталець.

Гэты жэст падкрэслівае, што толькі Бог з’яўляецца Панам індывідуальнай і сямейнай гісторыі; ўсё да нас прыходзіць ад Яго. Кожная сям’я паклікана прызнаць гэту першаснасць, ахоўваючы і навучаючы дзяцей адкрывацца на Бога, Які ёсць крыніцай жыцця. Адсюль паходзіць таямніца ўнутранай маладосці, парадаксальным чынам засведчаная ў Евангеллі пажылой парай, Сімяонам і Ганнай. Стары Сімяон, у прыватнасці, натхнёны Святым Духам, кажа аб Дзіцятку Езусе: “Вось гэты прызначаны на падзенне і на паўстанне многіх у Ізраэлі і на знак, якому супраціўляцца будуць, (...) каб выявіліся думкі многіх сэрцаў” (Лк 2,34-35).

Гэтыя прароцкія словы паказваюць, што Езус прыйшоў, каб палі фальшывыя ўяўленні, якія мы ствараем аб Богу, а таксама аб нас саміх; каб “аспрэчыць” бяспекі гэтага свету, на якія мы хочам абапірацца; каб дапамагчы нам “паўстаць” на сапраўдны чалавечы і хрысціянскі шлях, заснаваны на каштоўнасцях Евангелля. Не існуе сямейнай сітуацыі, якая была бы выключана з гэтага новага шляху адраджэння і ўваскрасення. Кожны раз, калі сем’і, нават параненыя і пазначаныя слабасцямі, няўдачамі і цяжкасцямі, вяртаюцца да крыніцы хрысціянскага досведа, адкрываюцца новыя шляхі і нечаканыя магчымасці.

Сённяшняе евангельскае апавяданне паказвае, што Марыя і Юзаф, “калі выканалі ўсё паводле Закону Пана, вярнуліся ў Галілею, у горад свой Назарэт. Дзіця ж расло і ўмацоўвалася, і напаўнялася мудрасцю, а ласка Божая спачывала на Ім”. Вялікая радасць бацькоў – гэта рост іх дзяцей. Ім прызначана развівацца і ўмацоўвацца, набываць мудрасць і прымаць Божую ласку, менавіта як адбылося з Езусам. Ён па-сапраўднаму адзін з нас: Сын Божы стаўся дзіцяткам, прыняў тое, што павінен расці, умацоўвацца, ён напаўняўся мудрасцю, а ласка Божая спачывала на Ім. Марыя і Юзаф радаваліся, калі бачылі ўсё гэта ў сваім сыне. І гэта місія да якой скіравана сям’я: ствараць спрыяльныя ўмовы для гарманічнага і поўнага развіцця дзяцей, каб маглі весці добрае жыццё, годнае Бога і канструктыўнае для свету.

Такое пажаданне скіроўваю да ўсіх сям’яў, падтрымліваючы яго малітвай да Марыі, Каралевы сем’яў”. 

Пасля марыйнай малітвы Пантыфік прывітаў сем’і, якія прысутнічалі на плошчы св. Пятра або сачылі за сустрэчай з дапамогай сродкаў камунікацыі. “Няхай Святая Сям’я благаславіць вас і кіруе вашым пілігрымаваннем”, - сказаў ім Папа.


31/12/2017 12:16