cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Сустрэчы і падзеі

Святы Айцец: дзякую ўсім будаўнікам супольнага дабра

Святы Айцец: дзякую ўсім будаўнікам супольнага дабра

31/12/2017 18:00

Францішак выказаў падзяку шматлікім рымлянам, якія прыкладаюць намаганні дзеля дабра свайго горада, а таксама вучаць грамадзянскай адказнасці дзяцей і моладзь. Аб гэтым ён казаў падчас першых Нешпараў урачыстасці Святой Багародзіцы Марыі, якія прайшлі вечарам 31 снежня 2017 г. у ватыканскай базыліцы св. Пятра. 

Біскуп Рыма прызнаўся, што мае сімпатыю і пачуццё ўдзячнасці да ўсіх людзей, якія штодзённа робяць маленькія, але каштоўныя жэсты на карысць Вечнага горада: “намагаюцца лепш выконваць свае абавязкі, з асцярожнасцю рухаюцца падчас дарожных затораў, з павагай адносяцца да публічных месцаў і сігналізуюць кепскія з’явы, ўважліва ставяцца да пажылых людзей ці тых, хто перажывае цяжкасці”. 

Паводле Папы, гэтымі сваімі ўчынкамі яны “канкрэтным чынам дэманструюць любоў да горада”. “Без лозунгаў, без рэкламы, але ў духу грамадзянскай адукаванасці, якой жывуць у штодзённасці. І так яны маўкліва робяць унёсак у супольнае дабро”, - падкрэсліў ён.

Адначасова Пантыфік выказаў павагу бацькам і настаўнікам, якія выхоўваюць у дзяцей і моладзі грамадзянскае пачуццё, этыку адказнасці, навучаючы іх адчуваць сябе часткай рэальнасці, якая іх акружае, а таксама клапаціцца аб ёй і цікаваціцца яе праблемамі.

“Гэтыя людзі, нават калі не трапляюць у навіны, з’яўляюцца большай часткай жыхароў Рыма. Сярод іх нямала тых, якія знаходзяцца ў сітуацыі эканамічнай нястачы, аднак яны не наракаюць, не палаюць крыўдай ці злосцю, але намагаюцца кожны дзень рабіць свой унёсак, каб крыху палепшыць справы. Сёння, узносячы падзяку Богу, запрашаю вас выказаць таксама ўдзячнасць усім гэтым будаўнікам супольнага дабра, якія любяць свой горад не на словах, а праз учынкі”, - заклікаў Пантыфік.

Па традыцыі на заканчэнне цэлебрацыі адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і быў праспяваны гімн “Te Deum”. Затым Папа наведаў яслі, якія знаходзяцца на плошчы св. Пятра.


31/12/2017 18:00