2018-01-02 12:29:00

У базыліцы св. Пятра ўсталявалі лічбавы арган


У ватыканскай базыліцы быў усталяваны сучасны лічбавы арган. Упершыню ён загучаў падчас папскіх цэлебрацый на Божае Нараджэнне. Дагэтуль падобнага роду інструменты выкарыстоўваліся толькі падчас набажэнстваў, якія праходзілі на плошчы св. Пятра, але не ўнутры базылікі. 

Ініцыятарам размяшчэння лічбавага аргана ў галоўнай ватыканскай святыні з’яўляецца кс. прэлат Масіма Паламбэла, кіраўнік Папскай музычнай Сікстынскай капэлы. Сваё рашэнне ён патлумачыў тым, што “новыя выклікі патрабуюць новых рашэнняў”, а лічбавы інструмент можа “запоўніць” усю акустычную прастору велічнай базылікі св. Пятра.

Эксклюзіўны інструмент быў зроблены амерыканскай кампаніяй “Allen Organ Company” – безумоўным сусветным лідэрам у сферы вытворчасці электронных арганаў на працягу апошніх 70 гадоў. Кантакты паміж Папскім хорам і гэтай фірмай былі ўстаноўлены падчас гастроляў ватыканскага музычнага калектыва ў ЗША, у верасні 2017 г. 

Кс. Масіма Паламбэла прызнаўся, што падчас канцэртаў у Дэтройце быў глыбока ўражаны гучаннем лічбавага інструмента і прапанаваў наладзіць супрацоўніцтва з амерыканскай кампаніяй, вынікам чаго стала стварэнне спецыяльнага аргана для папскіх цэлебрацыі. У першыя дні снежня ён быў дастаўлены ў Ватыкан.

Новы інструмент быў размешчаны каля алтара Кафедры св. Пятра, побач з традыцыйным арганам, якія застаецца незаменным для суправаджэння набажэнстваў з удзелам Святога Айца. Менавіта ў гэтым месцы лічбавы арган можа праявіць увесь свой патэнцыл, не маючы патрэбы ў ампліфікацыі, якая прадугледжвае распасюджванне гучання арганных труб з дапамогай мікрафонаў, што прыводзіць да непазбежнага скажэння гука і значных праблем, злучаных з шумавым фонам.

Паводле слоў кс. Паламбэлы, лічбавы арган дапаможа таксама ў распаўсюджванні якаснага гуку з дапамогай сучасных сродкаў камунікацыі падчас трансляцый набажэнстваў з базылікі св. Пятра. Няспынная праца ў гэтым кірунку ў апошнія гады была праведзена, у першую чаргу, ў супрацоўніцтве са спецыялістамі Ватыканскага радыё, нямецкай гуказапісваючай кампаніяй “Deutsche Grammophon” і італьянскім грамадскім тэлебачаннем “RAI”.








All the contents on this site are copyrighted ©.