2018-01-03 11:50:00

Святы Айцец: грэх аддзяляе ад Бога і братоў


Лічыцца з крохкасцю гліны, з якой мы былі зроблены, гэта досвед, які нас умацоўвае, падкрэсліў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 3 студзеня 2018 г. прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI. Працягваючы цылк катэхез аб Эўхарыстыі, ён распавёў пра значэнне чыну пакаяння, які здзейсняецца на пачатку св. Імшы. Пантыфік заўважыў, што прызнанне ўласных грахоў перад Богам і братамі, дазваляе падрыхтавацца да годнага ўдзелу ў святых таямніцах. 

“Што Пан можа падарыць тым, хто мае задаволенае сабой і ўласным поспехам сэрца? – Нічога, бо саманадзейны чалавек няздольны атрымаць прабачэнне, ён сыты сваёй меркаванай справядлівасцю. Узгадаем прыпавесць пра фарысея і мытніка, у якой толькі другі – мытнік – вярнуўся дамоў апраўданы, гэта значыць прабачаны (пар. Лк 18,9-14). Хто ўсведамляе ўласную мізэрнасць і апускае вочы з пакорай, адчувае як на ім спачывае міласэрны позірк Бога. Мы па досведзе ведаем, што толькі той, хто здольны прызнаваць памылкі і прасіць прабачэння атрымлівае разуменне і прабачэнне іншых”, - сказаў Папа.

Падчас чыну пакаяння вернікі спавядаюцца не толькі з грахоўных думак, слоў і ўчынкаў, але таксама занядбанняў – невыканання таго дабра, якое магло быць зроблена, заўважыў Францішак.

“Часта мы адчуваем сябе прыстойнымі, бо, як кажам, “нікому не зрабілі кепска”. На самой справе не дастаткова не рабіць зла бліжняму, але трэба рабіць дабро, выкарыстоўваючы нагоды, каб даваць добрае сведчанне аб тым, што мы вучні Езуса. Важна падкрэсліць, што мы спавядаемся, як Богу, так і братам, у тым, што з’яўляемся грэшнікамі: гэта нам дапамагае зразумець вымярэнне граху, які аддзяляючы нас ад Бога, аддзяляе таксама ад нашых братоў, і наадварот. Грэх стварае разрывы: разрывае адносіны з Богам і братамі, адносіны ў сям’і, грамадстве, супольнасці”, - падкрэсліў Святы Айцец. 

Францішак заўважыў, што здзейсняючы чын агульнага вызнання грахоў і ўдараючы сябе ў грудзі, важна не толькі прызнаваць сябе вінаватымі, але таксама шчыра ў іх спавядацца. Каментуючы далейшы зварот да Маці Божай і святых, Папа падкрэсліў, што іх заступніцтва падтрымлівае нас на шляху да поўнай еднасці з Богам, калі грэх будзе знішчаны назаўжды.

“Святое Пісанне дае нам шматлікія прыклады асобаў, якія каяліся, якія паглядзеўшы на сябе пасля здзяйснення граху, знайшлі адвагу, каб зняць маску і адкрыцца на ласку, што абнаўляе сэрца. Падумаем пра караля Давіда і словы псальма, які прыпісваецца яму: “Змілуйся нада мною, Божа, у вялікай міласці Тваёй; і ў паўнаце міласэрнасці Тваёй знішчы беззаконні мае” (51,3). Падумаем пра блуднага сына, які вяртаецца да айца; ці пра ўскліканне мытніка: “Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшнага” (Лк 18,13). Падумаем таксама пра св. Пятра, Закхея, самаранку. Лічыцца з крохкасцю гліны, з якой мы былі зроблены, гэта досвед, які нас умацоўвае: у той час, калі прымушае нас усведамляць нашу слабасць, адкрывае наша сэрца на малітву аб Божай міласэрнасці, якая перамяняе і здзейсняе навяртанне. Менавіта гэта мы робім падчас чыну пакаяння на пачатку св. Імшы”, - сказаў Папа.

На заканчэнне катэхезы Пантыфік прывітаў прысутных на аўдыенцыі пілігрымаў і склаў ім свае навагоднія віншаванні. Моладзі ён пажадаў быць пасланнікамі Божай любові сярод сваіх аднагодак; хворым – знаходзіць у ласкавасці Бога падтрымку ў цярпенні пакут, а маладым сужонкам – сведчыць аб радасці сакрамэнту сужэнства праз сваю верную і ўзаемную любоў.








All the contents on this site are copyrighted ©.