cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Касцёл \ Касцёл у свеце

Касцёл у Кітаі: падвойная жалоба ў епіскапаце

Касцёл у Кітаі: падвойная жалоба ў епіскапаце - AFP

04/01/2018 10:33

Зала Друку Апостальскай Сталіцы паведаміла аб смерці двух кітайскіх біскупаў. Гаворка ідзе пра пастыра дыяцэзіі Фэнсяна Луку Лі Цзінфена, які адышоў у вечнасць 17 лістапада 2017 г. у 96-гадовым узросце пасля працяглай хваробы, і дапаможнага біскупа дыяцэзіі Ханьчжун на пенсіі Маціяса Юй Чэндзі, які адышоў у вечнасць 7 снежня 2017 г. у 89-гадовым узросце, таксама пасля працяглай хваробы.

Біскуп Лука Лі Цзінфен нарадзіўся 15 студзеня1921 г. у правінцыі Шэньсі, у каталіцкай сям’і. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1947 г. Быў выкладчыкам, а затым рэктарам дыяцэзіяльнай семінарыі. Пасля арышту ў 1959 г. правёў 20 гадоў на прымусовых працах. Праз год пасля вызвалення – у 1980 г. – атрымаў біскупскую сакру, а ў 1983 г. стаў ардынарыем дыяцэзіі Фэнсяна. 

У 2004 г. быў прызнаны ў якасці біскупа дзяржаўнымі ўладамі, нягледзячы на тое, што не з’яўляўся членам праўладнай Каталіцкай Патрыятычнай Асацыяцыі. Адышоў ад кіравання дыяцэзіяй у 2010 г. па прычыне хваробы. У кастрычніку 2005 г. Бэнэдыкт XVI запрашаў яго ў Ватыкан, разам з іншымі трыма кітайскімі іерархамі, каб прыняць удзел у Сінодзе Біскупаў, але яны не атрымалі дазволу на выезд з краіны ад кітайскіх уладаў.

Біскуп Лі Цзінфен заўсёды з рашучасцю бараніў дактрынальныя прынцыпы Каталіцкага Касцёла, супрацьстаяў умяшанню палітыкі ў касцёльныя справы і заўсёды быў адкрытым на дыялог. Ён застанецца ў памяці святароў і вернікаў за сваю вернасць Наступніку св. Пятра, якую прадэманстраваў таксама ў час выпрабаванняў, і за свае нястомныя намаганні дзеля дабра мясцовага Касцёла. 

На сённяшні дзень дыяцэзія Фэнсяна налічвае каля 23 тыс. вернікаў, каля 40 святароў, 20 законнікаў і 100 законніц. Пасля смерці біскупа Лі Цзінфена яе пастырам стаў біскуп Пітэр Лі Хуэйюань.

Іншы кітайскі іерарх, які адышоў у вечнасць у мінулым месяцы, біскуп Маціяс Юй Чэндзі, нарадзіўся 28 лютага 1928 г., таксама ў правінцыі Шэньсі ў сям’і з моцнымі каталіцкімі традыцыямі. Яго брат, біскуп Барталамей Юй Чэндзі, памерлы ў 2009 г., на працягу доўгага часу быў пастырам дыяцэзіі Ханьчжуна, а сястра – Юй Юндзя – законніцай.

Будучы біскуп быў арыштаваны яшчэ семінарыстам, у 1958 г. Быў асуджаны да прымусовых працаў, а прэзбітэрскае пасвячэнне змог атрымаць толькі ў 1981 г. Выконваў душпастырскае служэнне ў розных дыяцэзіях Кітая. Біскупскую сакру атрымаў у 1989 г.

Дзеля згоды і еднасці ў дыяцэзіі Ханьчжуна Юй Чэндзі ніколі не выконваў свайго біскупскага служэння, працягваючы працаваць як звычайны святар на працягу ўсяго жыцця. У 2007 г. перажыў інсульт і з таго часу заставаўся прыкаваным да ложка, ахвяруючы цярпенні ў інтэнцыі мясцовага Касцёла.

Дыяцэзія Ханьчжуна налічвае каля 43 тыс. вернікаў, каля 40 святароў. Тут дзейнічае дзве жаночыя манаскія супольнасці.


04/01/2018 10:33