cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Касцёл \ Касцёл у свеце

Польшча: статыстыка Касцёла за 2016 год

Польшча: статыстыка Касцёла за 2016 год - RV

04/01/2018 13:12

У 2016 г. у нядзельнай св. Імшы ў Польшчы ўдзельнічала каля 36,7% вернікаў, а да Камуніі прыступалі каля 16%. У параўнанні з 2015 г. колькасць католікаў, якія ходзяць у касцёл па нядзелях паменшылася на 3,1%, а колькасць тых, хто прымае Камунію – на 1%. Такія дадзеныя вынікаюць з апублікаванага 4 студзеня 2017 г. “Annuarium Statisticum Ecclesiae in Polonia” – польскага касцёльнага штогадовага статыстычнага даведніка, падрыхтаванага мясцовым Інстытутам статыстыкі Каталіцкага Касцёла.

Найбольшая колькасць вернікаў, якія ўдзельнічаюць у св. Імшы адзначаецца ў Тарнаўскай (66,9%), Жэшаўскай (60,5%) і Пшэмысльскай (56,4%) дыяцэзіях. Найменшая – ў Шчэцінска-Каменскай (22,7%), Лодзскай (23,4%) і Кашалінска-Калабжэскай (24,4%).

Найбольшая колькасць вернікаў, якія прыступаюць да Камуніі была адзначана ў Тарнаўскай (25,3%), Апольскай (21,1%) і Замойска-Любачоўскай (20,1%) дыяцэзіях. Найменшая – ў Сасноўскай (10,3%), Шчэцінска-Каменскай (10,5%) і Кашалінска-Калабжэскай (10,5%).

У 2016 г. у касцёлах на тэрыторыі Польшчы прайшло 48 тыс. св. Імшаў. Пераважная колькасць вернікаў прымала ўдзел у Эўхарыстыі раніцай: паміж 8.00 і 11.00.

Паводле Інстытута статыстыкі Каталіцкага Касцёла, у семінарыях Польшчы ў 2016 г. навучаліся 2,3 тыс. клерыкаў. Найбольшая колькасць зноў жа ў Тарнаўскай дыяцэзіі (175), за якой ідуць Варшаўская (155) і Пшэмысльская (98). У польскіх касцёлах служаць 25 тыс. святароў. Больш за ўсё ў Тарнаўскай (1559), Кракаўскай (1182) і Катавіцкай (1071) дыяцэзіях. Што тычыцца манаскіх супольнасцяў, то ў Польшчы было зарэгістравана 18 тыс. законніц і 11,9 тыс. законнікаў.

На тэрыторыі краіны дзейнічае каля 10 тыс. парафій. Сакрамэнт хроста ў 2016 г. атрымалі каля 374,3 тыс. чалавек, што на 5 тыс. больш, чым годам раней. У сваю чаргу сакрамэнт сужэнства атрымалі 138,3 тыс. чалавек, што на 2 тыс. больш, чым у 2015 г.

Інстытут статыстыкі Каталіцкага Касцёла з’яўляецца першым у Польшчы цэнтрам даследванняў у сферы рэлігійнасці і душпастырства. Ён быў заснаваны ў 1972 г. па ініцыятыве Таварыства Каталіцкага Апостальства, больш вядомага як Ордэн Палатынаў, і супрацоўнічае з Канферэнцыяй Біскупаў Польшчы і Галоўным статыстычным упраўленнем краіны.


04/01/2018 13:12