2018-01-04 12:25:00

Францішак спачувае ў сувязі з дарожным здарэннем у Перу


Папа выказаў спачуванні ў сувязі з дарожным здарэннем у Перу, дзе ў выніку падзення аўтобуса з абрыва загінулі 48 чалавек. У спецыяльнай тэлеграме гаворыцца, што Францішак быў “глыбока засмучаны” весткай аб трагедыі і моліцца аб вечным супакоі для загінулых.

“Прашу, каб былі пераказаны шчырыя спачуванні Святога Айца, разам з выразам суцяшэння для членаў сем’яў, якія аплакваюць гэту вялікую страту, а таксама яго духоўная блізкасць да параненых”, - гаворыцца ў тэлеграме, скіраванай за подпісам кардынала Пьетра Параліна, Дзяржсакратара Яго Святасці. 

Здарэнне адбылося 2 студзеня 2018 г. у раёне Пасамаё, на поўначы ад сталіцы Перу горада Ліма, на небяспечным кавалку горнай дарогі. Аўтобус накіроўваўся ў Ліму з Гуача, прыкладна ў 130 км ад сталіцы. Паводле папярэдніх дадзеных, ён сутыкнуўся з іншым транспартным сродкам і ўпаў са стамятровага абрыва. З 54 пасажыраў выжылі толькі 6. З траўмамі рознай цяжкасці яны знаходзяцца ў бальніцы.

Святы Айцец здзейсніць візіт у Перу 18-21 студзеня 2018 г. У рамках Апостальскага падарожжа ён наведае тры гарады: Ліму, Пуэрта-Мальданада і Трухільё. Перад гэтым, 15-18 студзеня, ён здзейсніць візіт у Чылі. Гэта будзе ўжо шостая пілігрымка Францішка ў Лацінскую Амерыку падчас яго пантыфікату.








All the contents on this site are copyrighted ©.