cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Сустрэчы і падзеі

Святы Айцец даў парады школьным настаўнікам

Святы Айцец даў парады школьным настаўнікам

05/01/2018 11:17

Спрыяць культуры сустрэчы, саюзу паміж школай і сям’ёй і экалагічнай адукаванасці – гэта тры заданні, якія папа Францішак даў членам Італьянскай каталіцкай асацыяцыі настаўнікаў. Святы Айцец прыняў іх 5 студзеня 2018 г. на аўдыенцыі ў Ватыкане.

“Хрысціянскія настаўнікі, якія працуюць як у каталіцкіх, так і дзяржаўных школах, пакліканы стымуляваць у вучнях адкрытасць на іншых, каб бачылі ў іх аблічча, асобу, брата і сястру, годныя знаёмства і павагі, з іх гісторыяй, цнотамі і хібамі, багаццямі і абмежаванасцямі”, - сказаў Папа. 

Па словах Пантыфіка, важна выхоўваць моладзь, “адкрытую і зацікаўленую рэчаіснасцю, што іх акружае, здольную да клопату і ласкавасці, свабодную ад распаўсюджанага забабону, згодна з якім, каб нешта значыць, трэба быць канкурэнтназдольнымі, агрэсіўнымі, цвёрдымі ў адносінах да іншых, асабліва да тых, хто адрозніваецца, з’яўляецца замежнікам ці пэўным чынам бачыцца ў якасці перашкоды для ўласнага самасцвярджэння”.

“Нажаль, гэта тое “паветра”, якім дышаць нашыя дзеці, і для выпраўлення сітуацыі трэба зрабіць так, каб яны дышалі іншым, больш здаровым, больш чалавечым паветрам. Для дасягнення гэтай мэты вельмі важным з’яўляецца саюз з бацькамі”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Францішак нагадаў, што на працягу пэўнага часу саюз паміж школай і сям’ёй знаходзіцца ў крызісе, але перад абліччам гэтага выкліку не варта настальгіраваць па мінулым. “Трэба прыняць перамены, якія закранулі як сям’ю, так і школу, і аднавіць намаганні для канструктыўнага супрацоўніцтва, дзеля дабра дзяцей і моладзі”, - заклікаў Папа.

Пакуль гэта ўзаемадзенне не стане “натуральным”, важна спрыяць яму з дапамогай розных праектаў, пры падтрымцы экспертаў у педагагічнай сферы. Але дагэтуль настаўнікі і бацькі павінны перастаць глядзець адзін на аднаго, як на тых, хто знаходзіцца па розныя бакі барыкад, кідаючы ўзаемныя абвінавачванні. Трэба зразумець аб’ектыўныя цяжкасці, якія маюць у сферы выхавання як адныя, так і другія, і ўмацоўваць салідарнасць, лічыць Францішак.

Святы Айцец адзначыў важнасць выхавання ў моладзі паважлівага да навакольнага асяроддзя ладу жыцця. Гэта павінна адбывацца не “шызафрэнічным” чынам, калі аказваецца празмерная ўвага знікаючым відам жывёлаў, ігнаруючы праблемы пажылых людзей; ці бароняцца ад вырубкі амазонскія лясы, забываючы аб правах працаўнікоў ці праблеме належнай аплаты працы.

“Экалогія, якой трэба вучыць, павінна быць інтэгральнай. Мэтай выхавання, у першую чаргу, павінна быць пачуццё адказнасці: не перадаваць слоганы, якія іншыя павінны рэалізаваць у жыцці, але выклікаць смак жыцця экалагічнай этыкай, пачынаючы ад выбараў і жэстаў, якія робяцца ў штодзённасці. Гэта стыль паводзінаў, які ў хрысціянскай перспектыве знаходзіць сэнс і матывацыю ў адносінах з Богам, Стварыцелем і Адкупіцелем, з Езусам Хрыстом – цэнтрам сусвету і гісторыі, са Святым Духам – крыніцай гармоніі ў сімфоніі стварэння”, - сказаў Пантыфік.

Італьянская каталіцкая асацыяцыя настаўнікаў была заснавана ў 1945 г. і аб’ядноўвае педагагічны персанал, кіраўніцтва і школьных інспектараў пачатковых і сярэдніх навучальных устаноў. 


05/01/2018 11:17