2018-01-05 09:12:00

Італьянская “La Repubblica” пра кулінарныя перавагі Папы


Францішак з’яўляецца першым Пантыфікам, які рэгулярна спажывае ежу не ў Апостальскім палацы, а ў сталоўцы Дома св. Марты – ватыканскага гатэля, які цяпер з'яўляецца папскай рэзідэнцыяй. Гэта заўважыў ватыканіст “La Repubblica” Паола Радары на старонках спецыяльнага дадатку да выдання, прысвечанага кулінарыі, які выходзіць па чацвяргах.

Аўтар заўважыў, што стол, за якім звычайна прымае ежу Пантыфік знаходзіцца ў самым канцы залы сталоўкі. Францішак часта знаходзіцца ў кампаніі сваіх асабістых сакратароў. На першае Святы Айцец есць звычайна рыс ці макароны “in bianco”, без соўса. На другое часцей за ўсё ён спажывае рыбу ці "белае" мяса. Салодкае есць рэдка, а вось садавіну і гародніну – з вялікім задавальненнем.

Вялікая колькасць прадуктаў, якія трапляюць на стол Францішка паходзяць з папскіх ферм у Кастэль-Гандольфа, што знаходзіцца ў некалькіх дзесятках кіламетраў ад Рыма. Гаспадарка, якая была там закладзен ў 1930-я гг. па ініцыятыве Пія ХІ, налічвае каля 80 кароў, 1000 кур, 15 вуллёў; тут вырошчваюць аліўкі, вінаград, слівы, яблыкі, ківі, персікі, цукіні, баклажаны і перац. 








All the contents on this site are copyrighted ©.