2018-01-07 13:03:00

Францішак: належна жыць дарам хросту


Як у Бэтлееме, таксама і на беразе Ярдану, Бог трымае абяцанне раздзяліць долю чалавека, а Езус з’яўляецца відачочным і канчатковым знакам гэтага, падкрэсліў Францішак перад малітвай “Анёл Панскі”, якая 7 студзеня 2018 г. прайшла на галоўнай ватыканскай плошчы.

“Cённяшняе свята Хросту Пана завяршае перыяд Божага Нараджэння і запрашае нас падумаць аб нашым хросце, - сказаў Папа. - Езус пажадаў атрымаць хрост, які прапаведваў і ўдзяляў Ян Хрысціцель у Ярдане. Гаворка ішла пра хрост пакаяння: хто прыступаў да яго, той выказваў жаданне быць ачышчаным ад грахоў і з Божай дапамогай намагаўся пачаць новае жыццё.

Разумеем, такім чынам, вялікую пакору Езуса, Які не меў грахоў, але ўстаў у чаргу з тымі, хто каяўся, далучыўся да іх, каб ахрысціцца ў водах ракі. Колькі пакоры ў Езусе! Зрабіўшы гэта Ён прадэманстраваў тое, што мы святкавалі падчас Божага Нараджэння: гатоўнасць Езуса пагрузіцца ў раку чалавецтва, узяць на сябе хібы і слабасці людзей, раздзяліць іх жаданне вызвалення і пераадолення ўсяго, што аддаляе ад Бога і робіць чужымі для братоў. Як у Бэтлееме, таксама на беразе Ярдану, Бог трымае абяцанне раздзяліць долю чалавека, а Езус з’яўляецца відачочным і канчатковым знакам гэтага. Ён бярэ цяжары кожнага з нас, у жыцці, у штодзённасці.

Сённяшняе Евангелле падкрэслівае, што Езус, “калі выходзіў з вады, убачыў нябёсы раскрытыя, і Духа, як голуба” (Мк 1,10). Святы Дух, які дзейнічаў ад самага пачатку стварэння і вёў Майсея і народ праз пустыню, зараз цалкам сышоў на Езуса, каб даць Яму сілу для спаўнення Ягонай місіі ў свеце. Менавіта Святы Дух з’яўляецца творцам хросту Езуса, а таксама і нашага хросту. Ён адкрывае нашы вочы на праўду, на ўсю праўду. Ён вядзе наша жыццё на сцежку любові. Ён з’яўляецца дарам, які Нябесны Айцец зрабіў кожнаму з нас у дзень нашага хросту. Ён, Дух, перадае нам ласкавасць Божага прабачэння. Менавіта Ён, Святы Дух, дапамагае прагучаць адкупленчаму слову Айца: “Ты Сын Мой”.

Свята Хросту Езуса запрашае кожнага хрысціяніна ўзгадаць пра ўласны хрост. Я не магу спытацца ў вас, ці памятаеце вы дзень вашага хросту, таму што большасць з вас прыняла яго ў маленстве, як і я: мы былі ахрышчаны яшчэ дзецьмі. Але я задам вам іншае пытанне: ці ведаеце дату вашага хросту, ці ведаеце ў які дзень вы былі ахрышчаны? Няхай кожны падумае пра гэта, а калі не ведаеце даты, ці забыліся пра яе, калі вернецеся дадому, спытайце ў маці, бабулі, дзядзькі ці цёткі, хроснага ці хроснай: калі гэта адбылося? Пра гэту дату мы павінны памятаць заўсёды, бо гэта дата нашага першага асвячэння, гэта дата, калі Нябесны Айцец даў нам Святога Духа і падштрухнуў да пілігрымавання, гэтага дата вялікага прабачэння. Не забывайце спытаць: якая дата майго хросту?

Папросім аб матчыным заступніцтве Найсвяцейшай Марыі, каб усе хрысціяне маглі ўсё больш разумець дар Хросту і намагаліся жыць ім належна, даючы сведчанне любові Айца і Сына, і Духа Святога”.

Пасля марыйнай малітвы Францішак прывітаў прысутных на ватыканскай плошчы пілігрымаў і турыстаў і пажадаў ім добрага шляху ў новым годзе, дзякуючы святлу, “якое Езус нам падарыў праз сваё Нараджэнне”.








All the contents on this site are copyrighted ©.