2018-01-09 14:18:00

Францішак пра пастыраў і аўтарытэт


Да яднання з Богам у малітве і блізкасці з людзьмі праз спачуванне, заклікаў Папа 9 студзеня 2018 г. падчас ранішняй св. Імшы ў Ватыкане. Каментуючы фрагмент Евангелля св. Марка (1,21-28), прысвечаны Езусу, які вучыў “як той, хто мае ўладу”, Францішак патлумачыў, што гэта новая навука і яе новая сіла зыходзілі ад дару, атрыманага ад Айца. 

Святы Айцец адзначыў, што кніжнікі і фарысеі казалі праўду, але гэта было абвяшчэнне “з-за стала”, далёкае ад людзей і іх праблем. У адрозненне ад гэтага, вучэнне Езуса выклікала захапленне, таму што Ён быў блізкі да чалавека і разумеў яго праблемы, пакуты і грахі, быў здольны на эмоцыі, блізкасць, быў паслядоўны ў сваёй пазіцыі.

“Тым, што пастыру дае ўладу або стымулюе яго аўтарытэт, дадзены Айцом, з’яўляецца яго блізкасць: блізкасць да Бога ў малітве – пастыр, які не моліцца, які не шукае Бога, страціў частку – і блізкасць да людзей. Пастыр адарваны ад людзей, не трапляе да іх са сваім пасланнем. Блізкасць гэта падвойная: памазанне пастыра, які захапляецца перад тварам Бога ў малітве, і не можа заставацца абыякавым ва ўмовах чалавечых грахоў, праблем і хваробы”, - сказаў Папа.

Пантыфік адзначыў, што кніжнікі страцілі здольнасць неабыякавасці, таму што аддаліліся і ад Бога, і ад людзей. А гэта вядзе пастыра да жыццёвай непаслядоўнасці. Ён узгадаў словы Езуса: “Рабіце і захоўвайце, але не паступайце паводле ўчынкаў іхніх. Бо яны гавораць і не робяць”. (Мц 23,3).

“Дрэнна бачыць пастыра, які вядзе падвойнае жыццё: гэта рана ў Касцёле. Хворыя тыя пастыры, якія страцілі аўтарытэт і працягваюць жыць падвойным жыццём. Ёсць так шмат спосабаў весці падвойнае жыццё... І Езус вельмі цвёрда выступае адносна іх. Не толькі кажа людзям, каб слухалі іх, але не пераймалі іх прыкладу, але і больш: “Вы падобныя  да пабеленых трунаў, якія звонку здаюцца прыгожымі, але ўнутры поўныя касцей нябожчыкаў і ўсялякай   нячыстасці!” (Мц 23,27). Такім з’яўляецца канец пастыра, які не жыве ў еднасці з Богам на малітве і ў спачуванні да людзей”, - папярэдзіў Святы Айцец.

Францішак адзначыў, што аўтарытэт з’яўляецца дарам Бога, і Езус дае яго сваім вучням. Гэта аўтарытэт навучання, які вынікае з з’яднання з Богам і людзьмі. Ён выяўляецца ў жыццёвай паслядоўнасці, і ніколі – у падвойным жыцці. “І калі нейкі святар губляе аўтарытэт, няхай хаця б не губляе надзеі: заўсёды ёсць час наблізіць і абудзіць аўтарытэт і прароцтва”, - завяршыў сваю гамілію Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.