2018-01-10 13:33:00

Папа напісаў святочны ліст да украінскіх грэка-католікаў


Папа моліцца за мір ва Украіне. Ён піша пра гэта ў святочным лісце да кіраўніка Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, архіепіскапа Святаслава Шаўчука. “Я хачу сказаць, што я з вамі, што ў маіх малітвах і ўсім, што ўзношу кожны дзень да Бога, вы займаеце асаблівае месца”, - напісаў Францішак. 

Ён запэўніў, што падчас кожнай Эўхарыстыі даручае Богу людзей, чыя кроў была праліта з-за варожасці паміж народамі ў многіх частках свету. “Шчыра прашу ўваскрослага Пана радасці і міру для маёй дарагой Украіны”, - дадаў Святы Айцец.

Пантыфік у сваім лісце таксама спасылаецца на інфармацыю аб апошнім Сінодзе ўкраінскіх грэка-католікаў. Ён з пашанай згадвае памерлага ў мінулым годзе кардынала Любаміра Гузара. “Яго сведчанне з’яўляецца заахвочваннем да адказнасці, каб мы шчыра і велікадушна адказалі на прыклад стаўлення пастыраў, якіх Хрыстус даў нам, і якія жылі жаданнямі Яго сэрца”, - напісаў Папа.

Францішак таксама нагадаў пра важнасць штодзённай малітвы і літургіі. Асаблівую ролю тут адыгрываюць душпастыры, узыходзячыя да алтара і сыходзячыя ад яго, каб сустрэць Божы народ і непрыстанна вучыць яго мастацтву давяраць Богу ва ўсіх абставінах, таму што Ён заўсёды рэалізуе ўскладзеную на Яго надзею.

Спасылаючыся на Божае Нараджэнне, якое ўкраінскія грэка-католікі адзначалі 7 студзеня, Папа заўважыў, што гэта ўрачыстасць Божага святла, якое свеціць у цемры. Яно не пакладае канец ночы, не нішчыць яе цалкам, але нараджае новы світанак, у якім Бог пасяліўся сярод нашай змрочнай гісторыі. 

“Няхай Яго пяшчота сагравае нашыя сэрцы і дае нам надзею, няхай яго абяззбройваючая прастата распаліць у нас імкненне да паяднання і міру, а Яго непераможная любоў дасць нам волю даравання і новага пачатку”, - напісаў Святы Айцец у лісце да кіраўніка Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы.








All the contents on this site are copyrighted ©.