2018-01-10 14:31:00

Папская элемазінарыя запрасіла бедных у цырк


У чацвер, 11 студзеня 2018 г. у другой палове дня больш за дзве тысячы падапечных папскага элемазінарыя, арцыбіскупа Конрада Краеўскага, наведаюць прадстаўленне аднаго з цыркаў, якія знаходзяцца зараз на гастролях у Рыме. Аб гэтым паведаміў сам польскі іерарх, які належыць да групы бліжэйшых супрацоўнікаў папы Францішка.

Арцыбіскуп нагадаў, што, калі адна з цыркавых труп нядаўна наведала Ватыкан, каб паўдзельнічаць у агульнай аўдыенцыі, Пантыфік выказаў удзячнасць за мастацтва цырка і падзякаваў акцёрам за прыгажосць, якую яны нясуць людзям. Пачуўшы гэта, некаторыя дабрачынцы, у асноўным прадпрымальнікі, выйшлі з ініцыятывай, якую назвалі “Цырк салідарнасці” (Circo Solidarietà), купляючы для бедных усе 2100 білетаў на чацвярговае прадстаўленне.

Побач з цыркам-шапіто будзе адкрыта мабільная амбулаторыя ватыканскай медслужбы, даючы запрошаным магчымасць абследвацца. Таксама яны атрымаюць харчовыя пакеты. У цыркавым зале месцы зоймуць бяздомныя, бежанцы і група зняволеных.

Апостальская элемазінарыя, гэта структура, якая паклікана ад імя Святога Айца займацца дабрачыннасцю.








All the contents on this site are copyrighted ©.