2018-01-10 11:37:00

Святы Айцец: літургія – школа малітвы


Літургія з’яўляецца школай малітвы, падкрэсліў Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая 10 студзеня 2018 г. прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI. Працягваючы цыкл катэхез аб Эўхарыстыя, Пантыфік распавёў пра значэнне гімну “Хвала на вышынях Богу” і імшальнай калекты – асаблівай малітвы, у якой выяўляецца характар цэлебрацыі.

Спасылаючыся на “Агульныя ўводзіны для Рымскага Імшала” Святы Айцец заўважыў, што “Хвала на вышынях Богу” – гэта “найстаражытнейшы і вельмі шанаваны гімн, якім Касцёл, сабраны ў Духу Святым, праслаўляе і моліць Бога Айца і Ягнё”. Яго пачатак паўтарае спеў анёлаў падчас нараджэння Езуса ў Бэтлееме, “радаснае абвяшчэнне абдымкаў неба і зямлі”. 

Пасля заканчэння гэтага гімна, або, калі ён не прадугледжаны, пасля чыну пакаяння, малітва набывае асаблівую форму, якая носіць назву “калекта”. Святар кажа вернікам: “Молімся”, і ўсе разам з ім “нейкі момант захоўваюць маўчанне, каб усвядоміць, што стаяць перад Богам, і ў душы выказаць свае просьбы”.

“Маўчанне не зводзіцца да простай адсутнасці слоў, але да гатоўнасці слухаць іншыя галасы: голас нашага сэрца і, перш за ўсё, голас Святога Духа. У літургіі, прырода святога маўчання залежыць ад моманту, калі яно адбываецца: “Падчас чыну пакаяння і пасля закліку да малітвы кожны засяроджваецца ў сабе; пасля чытання альбо гаміліі ўсе коратка разважаюць над тым, што пачулі, а пасля Камуніі вернікі ў сваім сэрцы праслаўляюць Бога і моляцца”, - нагадаў Пантыфік.

Папа падкрэсліў, што маўчанне дапамагае вернікам засяродзіцца і падумаць аб прычынах свайго знаходжання на св. Імшы. Таму важна слухаць уласную душу і адкрыць яе на Бога.

“Магчыма, у нас былі дні цяжкасцяў, радасці, болю, і хочам расказаць пра гэта Пану, памаліцца аб Яго дапамозе, папрасіць, каб быў блізка; маем блізкіх ці сяброў, якія хварэюць ці перажываюць цяжкія выпрабаванні; жадаем даверыць Богу цяжар лёсу Касцёла і свету. Для гэтага патрэбны момант цішыні, перш чым святар, збіраючы разам інтэнцыі кожнага, гучным голасам узнясе да Бога, ад імя ўсіх, супольную малітву, якая завяршае ўступныя абрады, робячы “калекту” асобных інтэнцый. Настойліва заклікаю святароў захоўваць гэты момант цішыні і не спяшацца: гаворым “молімся”, і надыходзіць цішыня. Заклікаю да гэтага святароў. Без гэтай цішыні рызыкуем занядбаць засяроджанне душы”, - сказаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што, прамаўляючы калекту, святар разводзіць рукі, на падабенства ўкрыжаванага Хрыста. Такі спосаб малітвы існаваў яшчэ ў раннехрысціянскую эпоху, аб чым сведчаць адпаведныя выявы ў рымскіх катакомбах.

“У рымскім абрадзе малітвы кароткія, але багатыя сэнсам: можна рабіць цудоўныя медытацыі над гэтымі малітвамі. Яны вельмі прыгожыя! Разважанне над гэтымі тэкстамі, таксама і па-за св. Імшой, можа дапамагчы нам зразумець, як звяртацца да Бога, што прасіць, якія словы выкарыстоўваць. Няхай літургія стане для ўсіх нас сапраўднай школай малітвы”, - пажадаў Францішак вернікам на заканчэнне сваёй катэхезы. 

Святы Айцец па традыцыі прывітаў прысутных пілігрымаў. Моладзь ён заклікаў быць носьбітамі Хрыстовай любові для сваіх аднагодак, хворых – знаходзіць у ласкавасці Бога падтрымку ў цярпеннях, а маладых сужонкаў – праз верную любоў сведчыць аб прыгажосці сакрамэнту сужэнства.








All the contents on this site are copyrighted ©.