2018-01-11 11:44:00

Кардынал Паралін: наперадзе важны год


Падарожжа папы Францішка ў Чылі і Перу, Сінод Біскупаў на тэму моладзі, Сусветная сустрэча сем’яў, дыскусіі вакол адгартацыі “Amoris Laetitia” і рэформа Рымскай курыі – гэта асноўныя тэмы інтэрв’ю кардынала Пьетра Параліна, Дзяржсакратара Яго Святасці Папы, новаму ватыканскаму парталу “Vatican News”.

“2018 год будзе характарызавацца асаблівай канцэнтрацыяй увагі Касцёла на моладзі, яе чаканнях, памкненнях, выкліках, якія стаяць перад ёй і надзеях, якія яна носіць у сабе, яе слабасцях і страхах. Гэта будзе важны год: Папа ўжо нагадаў пра гэта ў сваіх нядаўніх прамовах у перыяд Божага Нараджэння”, - заўважыў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца.

Паводле іерарха, Касцёл шукае новых адносін з моладдзю, жадае ўвайсці ў дыялог, разумець яе і дапамагчы ёй. Адначасова ён пытаецца ў моладзі аб тым, што яна можа даць Касцёлу: які ўнёсак можа зрабіць у распаўсюджванне Евангелля? “Я думаю, што на гэты заклік моладзь будзе здольная адказаць з усёй шчодрасцю і энтузіязмам”, - выказаў перакананасць Дзяржсакратар.

Кардынал Паралін заўважыў, што ў бягучым годзе ўвага Касцёла будзе звернута таксама на сітуацыю сям’і. У жніўні 2018 г. у Дубліне адбудзецца Сусветная сустрэча сям’яў, якая стане першай пасля апошніх двух сесій Сінода Біскупаў і выдання Апостальскай адгартацыі “Amoris Laetitia”. Форум стане чарговым этапам у паглыбленні знаёмства з гэтым дакументам, лічыць іерарх.

Паводле кардынала, адгартацыя з’яўляецца плёнам новай парадыгмы, якую Францішак развівае з мудрасцю, асцярожнасцю і цярплівасцю. Магчыма, што цяжкасці, якія ўзніклі, і якія яшчэ існуюць у Касцёле, акрамя некаторых аспектаў, якія тычацца зместу дакумента, выкліканы менавіта зменай падыходу, аб якім просіць Папа, мяркуе Дзяржсакратар.

Каментуючы рэформу Рымскай курыі, кардынал Паралін звярнуў увагу на тое, што для Папы важны не столькі структурныя пераўтварэнні, колькі глыбокі дух, які павінен натхняць перамены, і такое фундаментальнае вымярэнне хрысціянскага жыцця, як навяртанне. Неабходна, каб курыя магла па-сапраўднаму дапамагаць Пантыфіку ў абвяшчэнні Евангелля, сведчанні Евангелля, у евангелізацыі сучаснага свету, сказаў ён.

Гаворачы аб маючым адбыцца 15-21 студзеня 2018 г. Апостальскім падарожжы Святога Айца ў Чылі і Перу, кіраўнік ватыканскай дыпламатыі адзначыў, што акрамя сустрэчы з мясцовым Касцёлам, існуе яшчэ дзве тэматыкі, якія вельмі турбуюць Францішка: сітуацыя карэнных народах Лацінскай Амерыкі, а таксама карупцыя, што перашкаджае развіццю і пераадоленню беднасці ў рэгіёне.








All the contents on this site are copyrighted ©.