2018-01-13 14:09:00

Сусветная Рада Цэркваў святкуе 70-гадовы юбілей


Сусветная Рада Цэркваў (The World Council of Churches) святкуе сёлета свой 70-гадовы юбілей. Найбуйнейшая міжнародная экуменічная арганізацыя, заснаваная ў 1948 у Амстэрдаме, уключае каля 400 хрысціянскіх Цэркваў і супольнасцяў з больш чым 100 краін, якія прадстаўляюць каля 400 мільёнаў вернікаў. 

Каталіцкі Касцёл не ўваходзіць у склад Сусветнай Рады, але больш за 30 гадоў супрацоўнічае з ёй, накіроўваючы назіральнікаў на ўсе буйныя форумы, а таксама на пасяджэнні цэнтральнага камітэту і рабочых груп.

Гісторыя ўзнікнення арганізацыі ўзыходзіць да 1844 г., калі ў Лондане Джордж Уільямс заклаў падмурак Юнацкай хрысціянскай асацыяцыі, адной з мэтаў якой было дасягненне адзінства хрысціянаў. Праз 11 гадоў пасля гэтага ў Англіі былі арганізаваны яшчэ дзве жаночых супольнасці, якія пасля зліліся ў адну і сталі называцца Хрысціянскай асацыяцыяй маладых жанчын.

У 1910 г. на Сусветнай місіянерскай канферэнцыі ў Эдынбургу быў пакладзены падмурак новай асацыяцыі з назвай Сусветная хрысціянская рада жыцця і працы. Паралельна арганізавалася яшчэ адна новая супольнасць: Сусветная канферэнцыя па веры і парадку, якая паставіла сабе мэтай выявіць перашкоды ў сферы веравучэння, што стаяць перад аб’яднаннем Цэркваў. Нарэшце, у 1937 г. было вырашана аб’яднаць гэтыя два рухі ў адну арганізацыю – “Сусветная Рада Цэркваў”, але з-за распачатай Другой сусветнай вайны яе афіцыйнае стварэнне было адкладзена да 23 жніўня 1948 г., калі прадстаўнікі 147 Цэркваў і супольнасцяў правялі першую ўстаноўчую асамблею ў Амстэрдаме.

У 2013 годзе на 10-й асамблеі Рады ў паўднёвакарэйскім горадзе Пусан яе старшынёй быў абраны Каталікос усіх армян Гарэгін II. Ён будзе займаць гэты пост на працягу васьмі наступных гадоў. У тым жа годзе адну з кіруючых пасад у асацыяцыі ўпершыню ў гісторыі атрымала жанчына: Агнес Абуом з Англіканскай царквы Кеніі была абрана спікерам Цэнтральнага камітэта. Яна таксама стала першым прадстаўніком афрыканскага кантынента, які займае гэту пасаду.

Пантыфікі рэгулярна прымаюць кіраўніцтва Сусветнай Рады Цэркваў у Ватыкане. Апошняя такога роду сустрэча прайшла ў жніўні 2017 г. Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі пастара Олафа Фюксэ Твейта, Генеральнага сакратара асацыяцыі. Гаворка ішла пра перспектывы міру і еднасці на Карэйскім паўвостраве і ў Паўднёвым Судане.

Раней, у верасні 2017 г., у сталіцы Партугаліі сустракалася Змяшаная рабочая група ў складзе прадстаўнікоў Сусветнай Рады Цэркваў і Каталіцкага Касцёла. Гэты орган быў створаны ў 1965 г. для развіцця ўзаемнага супрацоўніцтва. У цэнтры ўвагі былі пытанні міру і цяжкасці, звязаная з прытокам мігрантаў і бежанцаў. Удзельнікі адзначылі, што гэта сітуацыя з’яўляецца адмысловым знакам часу і заклікае да супрацоўніцтва і сумеснага адказу ўсіх Цэркваў.








All the contents on this site are copyrighted ©.