2018-01-14 13:20:00

Чылі: пратэсты перад візітам Папы толькі ўмацоўваюць нас


“Антыкасцёлныя інцыдэнты ў сталіцы Чылі - гэта запярэчанне духа супакою, які пануе перад Апостальскім  візітам Папы у нашу краіну”, -  гаворыцца ў заяве архідыяцэзіі Сант’яга дэ Чылі пасля нападу групы левых экстрэмістаў на чатыры касцёлы у гэтым горадзе і на Апостальскую нунцыятуру, у якой 16 студзеня затрымаецца Святы Айцец. У выніку нападу тры касцёлы пашкоджаны. Па словах арцыбіскупа Сант'яга дэ Чылі, гэтыя інцыдэнты зусім не трывожаць вернікаў краіны, але, наадварот, яшчэ больш абуджаюць у іх надзею на прыезд Святога Айца.

“Мы упэўнены, што паводле дэвізу гэтага падарожжа: “Спакой Мой даю вам”, прысутнасць Францішка сярод нас прынясе нам супакой. Але так як Езус меў не толькі сяброў, так і Папа мае ў Чылі людзей, якія не хочуць яго прыезду”, - сказаў кардынал Рыкарда Эсаці.  Паводле яго слоў, чылійцы - народ гасцінны, але вядома, што могуць мець месца якіясці пратэсты, але, дзякуючы Богу, гэтыя напады не маюць сур'ёзных наступстваў.

Напады рашуча асудзіла прэзідэнт краіны Мішэль Бачэлет. Яна запэўніла, што ўлады краіны прыкладуць усе намаганні, каб забяспечыць Папу поўную бяспеку. Візіт Францішка ў Чылі будзе праходзіць 16-18 студзеня.

13 студзеня 2018 г. папа Францішак здзейсніў прыватны візіт у рымскую базыліку Санта -Марыя - Маджорэ, каб даверыць апецы Маці Божай сваё Апостальскае падарожжа ў Чылі і Перу. Францішак заўсёды робіць так перад замежнымі падарожжамі і пасля вяртання з іх. Учарашні візіт да гэтай славутай рымскай святыні быў 57-м. 

Ян Мойсік








All the contents on this site are copyrighted ©.