2018-01-15 15:00:00

Апостальскае падарожжа Папы: заклік да міру на шляху ў Чылі


15 студзеня 2018 г., падчас міжкантынентальнага пералёту з Рыма ў Сант’яга, сталіцу Чылі, Пантыфік правёў на борце самалёта кароткую сустрэчу з супрацоўнікамі СМІ, якія традыцыйна суправаджаюць Святога Айца ў яго Апостальскіх падарожжах. Заклік да прадухілення ядзернай вайны стаў галоўным пасланнем Папы. Яно ўвасобілася ў адкрытцы з рэпрадукцыяй фотаздымка з трагічным сюжэтам наступстваў бамбардзіроўкі японскага Нагасакі. Паштоўкі Францішак раздаў журналістам-суразмоўцам.

На чорна-белай фотакартцы 1945 г. амерыканскі фатограф Джозэф Роджэр О’Донэл адлюстраваў маленькага хлопчыка з Нагасакі, які трымае на сваіх плячах цела памерлага падчас ядзернага ўдару малодшага браціка ў чаканні яго крэмацыі. Выкананую на аснове гэтай рэпрадукцыі адкрытку суправаджае надпіс “Плён вайны”, а таксама рэмарка па-іспанску, якая тлумачыць роспач хлопчыка, бачная па тым, як ён “да крыві прыкусвае губы”. Фотаздымак суправаджаецца аўтографам Святога Айца – “Franciscus”.

Гэтым моцным і чуллівым пасланнем Францішак асудзіў разбуральныя наступствы любых канфліктаў і выказаў сваю занепакоенасць рызыкай развязвання “фрагментарнай трэцяй сусветнай вайны”, якая сёння пагражае чалавецтву.

Францішак падышоў да кожнага з суправаджаючых яго журналістаў, каб прывітацца. На пытанне, ці баіцца ён ядзернай вайны, прызнаўся: “Так, вельмі баюся. Мы знаходзімся на мяжы, дастаткова нейкага выпадку. Мы не можам цярпець такую сітуацыю. Нам неабходна ліквідаваць ядзерную зброю”.








All the contents on this site are copyrighted ©.