2018-01-15 12:34:00

Распачалося Апостальскае падарожжа Францішка ў Чылі і Перу


Раніцай 15 студзеня 2018 г. папа Францішак распачаў сваё Апостальскае падарожжа ў Чылі і Перу. Святы Айцец здзейсніць амаль 16-гадзінны пералёт з Рыма ў чылійскую сталіцу – горад Сант’яга. На гэтым шляху самалёт авіякампаніі “Alitalia” з Пантыфікам на борце перасячэ паветраную прастору Францыі, Іспаніі, Марока, Каба-Вэрдэ, Сенегала, Бразіліі, Балівіі і Аргентыны. Да кіраўнікоў усіх гэтых краін Пантыфік скіраваў і скіруе прывітальныя тэлеграмы.

У кожным з кароткіх зваротаў ветлівасці Святы Айцец пераказвае “цёплыя прывітанні і сардэчныя найлепшыя пажаданні” ўрадам, а таксама жыхарам адпаведных краін, сярод якіх – і радзіма Пантыфіка, удзяляе сваё Апостальскае благаслаўленне і просіць аб малітве за яго і аб паспяховым і плённым выкананні падчас падарожжа сваёй галоўнай місіі – распаўсюджання “паслання надзеі”.

У Сант’яга Пантыфіка чакаюць каля восьмай гадзіны вечара па мясцовым часе. Урачыстую цырымонію прывітання Святога Айца ў аэрапорце чылійскай сталіцы ўзначаляць Прэзідэнт краіны, спадарыня Вероніка Мішэль Бачэлет Херыя, арцыбіскуп Сант’яга, кардынал Рыкарда Эсаці Андрэльё, а таксама старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Чылі, біскуп Сант’яга Сільва Рэтамалес.

Распачатае сёння падарожжа Францішка стала яго 22-м пастырскім візітам за межы Італіі. Яно будзе працягвацца сем дзён. Сумарная адлегласць, якую здзейсніць Пантыфік за гэты час, з улікам перамяшчэння паміж гарадамі дзьвюх лацінаамерыканскіх краін, складзе амаль 30 тыс. км. Францішак стане другім пасля св. Яна Паўла II Пантыфікам, які наведвае Перу і Чылі. Упершыню жыхары гэтых краін віталі на сваіх землях наступніка св. Пятра ў лютым 1985 г. і ў красавіку 1987 г. адпаведна.

Праграмай візіту прадугледжана трохдзённае прабыванне Святога Айца ў Чылі. Ужо 18 студзеня ў другой палове дня Францішак накіруецца ў Перу.








All the contents on this site are copyrighted ©.