2018-01-17 15:10:00

Папа да біскупаў Чылі: будзьце бацькамі для сваіх святароў


Насычаную праграму другога дня Апостальскага падарожжа папы Францішка ў Чылі завяршыла сустрэча з мясцовымі біскупамі, якая адбылася ўвечары 16 студзеня 2018 г. у сакрыстыі катэдральнага касцёла Сант’яга. Падчас размовы Пантыфік нагадаў іх “галоўнае заданне” – быць побач з святарамі.

Францішак заклікаў чылійскіх біскупаў усталёўваць адносіны айцоўства са сваімі святарамі – не патэрналізму і не злоўжывання ўладай, але блізкасці па прыкладзе св. Юзафа, “айцоўства, што дапамагае гадаваць і развіваць харызматы, якія Дух Святы пажадаў праліць на вашых паважаных святароў”.

Папа ўзняў праблему паступовай страты ўсведамлення сучаснымі грамадствамі сваёй прыналежнасці да народу Божага, наяўнасць “пачуцця сіратлівасці”, “непрыналежнасці нікому”. Гэты “постмадэрнісцкі” настрой можа пранікаць і ў шэрагі духавенства, перасцярог Францішак. “Тады пачнем думаць, што не належым нікому, забываць, што з’яўляемся часткай святога народу, які верыць у Бога, і што Касцёл не ёсць і ніколі не будзе элітай кансэкраваных асобаў, святароў ці біскупаў. Мы не змаглі б вытрымаць наша жыццё, пакліканне або служэнне без усведамлення таго, што з’яўляемся народам”, – выказаў перакананне Пантыфік.

Па словах Святога Айца, недахоп усведамлення прыналежнасці да Божага народу ў якасці слугаў, а не гаспадароў, можа прывесці духавенства да спакусы, што прычыняе найбольшую шкоду місіянерскаму дынамізму, і да клерыкалізму, які ўвасабляе карыкатуру на атрыманае пакліканне.

“Недахоп усведамлення таго факту, што місія належыць усяму Касцёлу, а не святару або біскупу, абмяжоўвае перспектыву і, што яшчэ горш, усе ініцыятывы, якія Дух можа спараджаць у нас. Скажам шчыра: свецкія асобы – не нашы слугі і не нашы працаўнікі. Яны не павінны паўтараць, як папугаі, тое, што кажам мы”, – працягнуў Францішак.

Пантыфік падзяліўся і сваёй заклапочанасцю адносна падрыхтоўкі святароў. “Іх паслуга будзе ажыццяўляцца ў секулярызаваным свеце, што патрабуе ад нас, пастыраў, разважліва вызначыць, як падрыхтаваць іх да выканання місіі ў гэтым канкрэтным кантэксце, а не ў нашым ідэальным свеце ці стане”.

Рашуча адмаўлячы клерыкалізм і ідэальныя мадэлі свету, Францішак настойліва запрасіў выхоўваць пакліканых да святарства ў атмасферы “разважлівасці і саборнасці”.

Нарэшце, Святы Айцец запрасіў біскупаў Чылі “не пераставаць марыць і працаваць на карысць місіянерства і прароцтва, каб звычкі, стылі, планы, мова і кожная рэлігійнай структура сталі прыдатнымі інструментамі евангелізацыі Чылі, а не рэлігійнага самазахавання”.

На сустрэчы с Папам Францішкам прысутнічалі каля 50 чылійскіх біскупаў, сярод якіх Пантыфік з асаблівым захапленнем прывітаў мансіньёра Бэрнардына Піньера Карвальё – найстарэйшага біскупа ў свеце “як па ўзросце, так і па гадах біскупства”, які ў бягучым годзе адзначыць 60-годдзе біскупскага служэння.








All the contents on this site are copyrighted ©.