cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Падарожжы і візіты

Папа да чылійскай моладзі: не губляйце сувязі з Езусам

Папа да чылійскай моладзі: не губляйце сувязі з Езусам - EPA

18/01/2018 11:28

Беззаганная Дзева Марыя з гары Кармэль жадае працягваць суправаджаць мары, якімі Бог напаўняе вашыя сэрцы: мары аб свабодзе, радасці, лепшай будучыні, жаданне быць удзельнікамі пераменаў, запэўніў Святы Айцец чылійскую моладзь падчас сустрэчы і сумеснай малітвы з імі 17 студзеня 2018 г. у Марыйным санктуарыі Майпу ля Сант’яга.

“У маім біскупскім служэнні я меў магчымасць спазнаць, што ёсць многа, сапраўды многа добрых ідэй у сэрцах і розумах маладых людзей. Гэта праўда: вы неспакойныя, шукальнікі, ідэалісты”, - прызнаў Папа. І заахвоціў не паддавацца “даросламу” спосабу мыслення, у якім сталенне нярэдка прыраўноўваецца да псавання, разбэшчанасці. “Можа здацца, што стаць дарослым значыць пагадзіцца з несправядлівасцю”, але гэта не так, патлумачыў Францішак. Сталець, значыць сумесна развіваць свае мары і спадзяванні, упэўнены ён.

У сувязі з гэтым Святы Айцец нагадаў аб сваім рашэнні правесці ў гэтым годзе Сінод Біскупаў на тэму: “Моладзь, вера і распазнанне паклікання”, але перш – сустрэчы маладых людзей, каб пачуць іх патрэбы і чаканні. “Бо калі вы маўчыце, як мы можам вам дапамагчы?” - звярнуўся да натоўпу Пантыфік.

“Касцёл павінен мець малады твар, і ў гэтым вы можаце дапамагчы. Вы павінны скалануць нас, калі мы празмерна запавольваемся, дапамагчы стаць бліжэй да Езуса! Вашыя пытанні, жаданне ведаць, быць велікадушнымі патрабуюць ад нас большай блізкасці да Езуса”, - сказаў Святы Айцец.

Нарэшце, Папа даў параду маладым чылійцам, як ніколі не губляць сувязі з Езусам: браць прыклад са св. Альберта Уртада, які выкарыстоўваў вельмі просты пароль, каб “зарадзіць батарэю свайго сэрца і заставацца на сувязі з Хрыстом”. У любой жыццёвай сітуацыі ён разважаў: “Што зрабіў бы Хрыстус на маім месцы?”.

“Адзіны спосаб не забываць пароль – карыстацца ім, – працягнуў Францішак. – Кожны дзень. Настане момант, калі вывучыце яго на памяць; надыдзе дзень, калі несвядома ваша сэрца пачне біцца, як сэрца Езуса. Недастаткова ўдзельнічаць у рэлігійным навучанні ці пазнаваць дактрыну веры; тое, чаго прагнем, – гэта жыць, як жыў Езус”.

“Будзьце маладымі самаранамі, якія ніколі не пакінуць ляжаць на зямлі чалавека, сустрэтага на шляху. (...) Будзьце як малады Кірэнеец, што дапамагае Хрысту несьці свой Крыж, і падзяляйце з братамі іх пакуты. Будзьце падобнымі да Захарыі, які ператварыў сваё матэрыяльнае сэрца, малое сэрца, у салідарнае. Будзьце як маладая Магдалена, палкая шукальніца любові, якая толькі ў Езусе знайшла адказы, якіх патрабавала. Майце сэрца Пятра, каб пакінуць сеткі на беразе возера. Майце любоў Яна, каб ускласці на Езуса ўсе вашыя пачуцці. Майце гатоўнасць нашай Маці, першай апосталкі, каб з радасцю спяваць і выконваць Божую волю”, – пакінуў свой запавет чылійскай моладзі Францішак.


18/01/2018 11:28