cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Падарожжы і візіты

Францішак да свету навукі: вучыце інклюзіўнасці і дыялогу

Францішак да свету навукі: вучыце інклюзіўнасці і дыялогу - EPA

18/01/2018 13:14

Праграма трэцяга дня Апостальскага падарожжа Францішка ў Чылі завяршылася візітам у Папскі каталіцкі ўніверсітэт Сант’яга, які адзначае 130-годдзе з дня заснавання. Вечарам 17 студзеня 2018 г. перад сотнямі прысутных кіраўнікоў, выкладчыкаў, студэнтаў і іншых прадстаўнікоў чылійскай навукі Пантыфік казаў пра тэрміновую неабходнасць пашырэння “ўсеабдымнай пісьменнасці”, навучанню дыялогу і супрацоўніцтву.

Адукацыя, выказаў сваё меркаванне Папа, здольная зрабіць бясцэнны ўнёсак у гісторыю краіны з пункту гледжання нацыянальнага суіснавання і здольнасці да грамадскага прагрэсу.

Навучаць сумеснаму існаванню “значыць вучыць думаць і разважаць інтэгральна і ў напрамку згуртаванасці”, а для гэтага “трэба развіваць усеабдымную пісьменнасць, якая б дазваляла прымяняць працэсы трансфармацыі, што адбываюцца ўнутры нашых грамадстваў”, сказаў Францішак.

Іншымі словамі, важна спалучыць у рамках адукацыйнага працэсу інтэлект, эмоцыі і фізічную працу чалавека – галаву, сэрца і рукі. “Гэта забяспечыць гарманічнае развіццё студэнтаў як на персанальным, так і на сацыяльным узроўнях”, - перакананы Святы Айцец. Невуцтва ў пытанні інтэграцыі розных вымярэнняў жыцця вядзе да сацыяльных падзелаў, перасцярог ён.

Ліквіднае грамадства, пазбаўленае арыенціраў, пагражае стратай усведамлення публічнай прасторы, якая, апроч уласных інтарэсаў, прымушае ўлічваць агульныя. А без такой свядомасці і такога вопыту цяжка будаваць нацыю. Калі “я” будзе пераважаць над “мы”, “жыццё будзе не толькі паступова расшчапляцца, але і рабіцца ўсё больш канфліктным і жорсткім”, падкрэсліў Францішак.

Іншы выклік, які, на думку Пантыфіка, стаіць перад сучаснымі ВНУ, – “пашырэнне паняцця “адукацыйная супольнасць”. “Здабыванне ведаў павінна набываць форму супрацоўніцтва паміж вучэбнай аўдыторыяй і мудрасцю народаў, што насяляюць гэтую благаслаўлёную зямлю”, - сказаў Святы Айцец.

“Адукацыйная супольнасць не можа абмяжоўвацца аўдыторямі і бібліятэкамі, але заўсёды паклікана да ўдзелу”. Універсітэт павінен уяўляць сабой “лабараторыю будучыні краіны”, убіраючы ў сябе жыццё і гісторыю народа, пераўзыходзячы любую логіку антаганістычнасці і элітарнасці ведаў.

“Сёння на вас ускладзена прароцкая місія. Вы пакліканы ствараць працэсы, якія б асвятлялі сучасную культуру, прапаноўваючы абноўлены гуманізм, што пазбягае любога роду спрашчэнняў. Гэта штурхае вас шукаць новыя прасторы для дыялогу, а не супрацьстаяння; для сустрэчы, а не падзелаў; шляхі сяброўскіх супярэчнасцей, дзе б прысутнічала павага да адрозненняў паміж людзьмі, якія крочаць у напрамку грамадскага прагрэсу з мэтай абноўленага нацыянальнага суіснавання”, - сказаў Папа, звяртаючыся да прадстаўнікоў чылійскага свету навукі.


18/01/2018 13:14