2018-01-18 14:31:00

Пантыфік прывітаў удзельнікаў форуму аб будучыні Іерусаліма


Папа Францішак скіраваў адмысловае пасланне прафесару Ахмеду аль-Таебу, Вялікаму імаму ўніверсітэта “Аль-Азхар” у Каіры, дзе 17 студзеня 2017 г. распачалася двухдзённая Міжнародная канферэнцыя ў падтрымку Іерусаліма. Каталіцкі Касцёл на форуме прадстаўляў Апостальскі нунцый у Егіпце, арцыбіскуп Бруна Музаро.

У пасланні Пантыфік запэўніў у сваіх малітвах аб міры і заклікаў, “каб нацыянальныя лідэры, грамадзянскія і рэлігійныя ўлады паўсюль прыкладалі намаганні па прадухіленні новых віткоў напружання і падтрымцы любых спробаў пашыраць згоду, справядлівасць і бяспеку для насельніцтва гэтай благаслаўлёнай зямлі”.

“Са свайго боку, Святы Пасад не перастане тэрмінова заклікаць да неабходнасці ўзнаўлення дыялогу паміж ізраільцянамі і палестынцамі для пошуку ўзгодненага рашэння, якое б забяспечыла мірнае суіснаванне дзвюх дзяржаў у межах, згодна паміж імі ўстаноўленых і міжнародна прызнаных, з улікам спецыяльнага статусу Іерусаліма, значэнне якога пераўзыходзіць любыя меркаванні адносна тэрытарыяльных пытанняў”, - гаворыцца ў дакуменце.

У лісце Францішак падкрэсліў, што толькі міжнародна прызнаны спецыяльны статус Іерусаліма зможа захаваць яго ідэнтычнасць, пакліканне быць месцам міру і ўніверсальную каштоўнасць, робячы магчымым будучае прымірэнне і надзею для ўсяго рэгіёна.

Канферэнцыя стала месцам для дыялогу паміж шэрагам ключавых фігур міжнароднай палітыкі і свету рэлігіі, сярод якіх – Прэзідэнт Палестыны Махмуд Абас, кіраўнік Коптскай Праваслаўнай Царквы, Патрыярх Тавадрас II, старшыня Арабскага парламента Мешааль бін Фам аль-Сальмі, прэзідэнт Нацыянальнай асамблеі Кувейта Марзук аль-Ганім, генеральны сакратар Лігі арабскіх дзяржаў Ахмед Абуль Гейт.








All the contents on this site are copyrighted ©.