2018-01-18 16:12:00

Пантыфік у Чылі: “развітальная” Эўхарыстыя


Евангелле з’яўляецца пастаянным запрашэннем да радасці, нагадаў Папа 18 студзеня 2018 г. падчас св. Імшы ў партовым горадзе Ікіке, у чацвёрты і заключны дзень свайго Апостальскага падарожжа ў Чылі. У сваёй гаміліі ён спаслаўся на фрагмент з Евангелля св. Яна аб першым публічным з’яўленні Езуса, якое адбылося на вяселлі у Кане Галілейскай.

Францішак адзначыў, што перажыванне веры ў атмасферы свята, у крыві чылійцаў. Рэлігійныя танцы, музыка, вопратка – усё гэта дазваляе святу выйсці па-за муры касцёлаў. З іншага боку народная рэлігійнасць нясе ў сабе цярпенне, крыж паўсядзённага жыцця, ахвяраванне сабой, адкрытасць на іншых, павагу, звярнуў увагу Пантыфік.

У гэтай святочнай атмасферы, Евангелле паказвае Марыю, якая дзейнічае на карысць перамогі радасці. Яна ўважлівая да ўсяго, што адбываецца навокал; як добрая маці, не сядзіць на месцы, адчувае, што нешта пагражае радасці. “Такім жа чынам Марыя праходзіць і па нашых гарадах, вуліцах, плошчах, хатах, бальніцах. (...) Праходзіць праз усе нашы сямейныя праблемы, якія абцяжарваюць нашыя сэрцы, каб падысці да Езуса і сказаць Яму: “Не маюць віна”, - сказаў Папа.

Францішак дадаў, што Марыя, пасля размовы з Езусам, не стаіць на месцы, падыходзіць да слугаў і кажа ім: “Тое, што Ён скажа вам, зрабіце”. Яна гаворыць няшмат, але гэта заўсёды вельмі канкрэтныя словы. І да кожнага з нас Яна падыходзіць і кажа: “Рабі тое, што Ён скажа”. Так адкрыўся шлях да першага цуду Езуса, каб яго сябры адчулі, што яны таксама з’яўляюцца яго часткай. Таму што Хрыстус прыйшоў у гэты свет, каб выканаць сваю справу не ў самотнасці, але разам з усімі намі, каб быць кіраўніком вялікага цела, жывымі, свабоднымі і актыўнымі клеткамі якога з’яўляемся мы, пракаментаваў евангельскі ўрывак Папа. 

Гэтак жа, як слугі, якія прыносяць каменныя збаны, “кожны з нас можа пачаць цуд, больш за тое, кожны з нас запрошаны да таго, каб быць часткай гэтага цуду для іншых”, звярнуў увагу ён.

Францішак спаслаўся на факт вялікай колькасці мігрантаў, якіх прымае Ікіке, і нагадаў, што гэта людзі, якія жывуць надзеяй мець лепшае жыццё, але вымушаны сустракацца з страхам і няўпэўненасцю ў будучыні. “Гэта краіна – зямля мары, але давайце працаваць, каб яна заставалася краінай гасціннасці; гасціннасці святочнай, таму што мы добра ведаем, што няма хрысціянскай радасці, калі дзверы зачыненяюцца; няма хрысціянскай радасці, калі кажам іншым, што іх зашмат або што няма месца для іх у нашым асяроддзі”, - папрасіў Святы Айцец.

Ён заклікаў чылійцаў быць уважлівымі да ўсіх сітуацый несправядлівасці ў краіне: да новых форм эксплуатацыі, беспрацоўя, злоўжыванняў адносна мігрантаў, да адсутнасці жылля, зямлі і занятасці ў многіх сем’ях; і прапанаваць людзям, якія патрапілі ў іх, тое невялікае і нешматлікае, што маюць. “Радасць – гэта свята, якое заражае і дапамагае не выключаць нікога з абвяшчэння Добрай Навіны”, - завяршыў сваю гамілію Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.