2018-01-19 13:16:00

Святы Айцец пачаў другі этап падарожжа ў Лацінскую Амерыку


На гадзіну раней, чым планавалася, у 16.32 самалёт A 321 чылійскай авіякампаніі “LATAM” з Папам на борце прызямліўся на лётным полі міжнароднага аэрапорта імя Хорхэ Чавеса ў Ліме. Ад моманту ўваходу ў паветраную прастору Перу лайнер суправаджалі самалёты ВПС краіны. У 16.55 Францішак сышоў на перуанскую зямлю.

Святога Айца прывітаў Прэзідэнт Перу Пэдра Пабла Кучынскі і яго жонка. Двое дзяцей у нацыянальных касцюмах уручылі Пантыфіку букет кветак. Потым да Папы падышоў арцыбіскуп Лімы, кардыналХуан Луіс Сіпрыяні, старшыня мясцовага епіскапату, арцыбіскуп Хасэ Мігель Сальвадор Піньера Гарсія-Кальдэрон, а таксама іншыя іерархі. Пантыфік разам з Прэзідэнтам прайшоў перад шэрагамі ганаровай варты. У гэты час абодва мелі магчымасць абмяняцца некалькімі сардэчнымі словамі. Прагучалі гімны Апостальскай Сталіцы і Перу. Цырымонія не прадугледжвала выступленняў.

Падчас прэзентацыі дэлегацый, хор і аркестр “Sinfonia por el Perù” выканалі “Аллелюя” з араторыі “Месія” Гендэля, падкрэсліваючы гістарычны характар папскага візіту.

Пасля праходжання праз тэрмінал VIP, Францішак развітаўся з кіраўніком краіны і аўтамабілем маркі “FIAT” адправіўся ў Апостальскую нунцыятуру, якая стала яго афіцыйнай рэзідэнцыяй падчас знаходжання ў Перу.








All the contents on this site are copyrighted ©.