2018-01-21 18:23:00

Папа да епіскапату Перу: быць бліжэй да паствы


Вакол постаці св. Тарыбіа Магравэха, трэцяга біскупа Лімы, была сканцэнтравана прамова Пантыфіка да Канферэнцыі Біскупаў Перу. У іканаграфіі яго прадстаўляюць як “новага Майсея”, нагадаў Францішак 21 студзеня 2018 г., падчас сустрэчы ў рэзідэнцыі арцыбіскупа Лімы.

Іерарх, які жыў у XVI стагоддзі, ведаў, што адзіны спосаб заставацца пастырам – быць бліжэй да сваіх вернікаў. Ён быў “біскупам вуліцы”, які разумеў, што з радасці Евангелля ніхто не можа быць выключаны. Святы быў энтузіястам евангелізацыі на роднай мове, заклікаў духавенства вывучыць мову сваёй паствы. І такі падыход вельмі патрэбны пастырам дваццаць першага стагоддзя: ведаць мову нашага лічбавага веку, каб ведаць рэальнае становішча маладых людзей, сем’яў, дзяцей. Св. Тарыбіа ясна зразумеў, што не дастаткова проста прысутнічаць і займаць прастору, трэба генераваць працэсы ў жыцці людзей, каб вера магла ўкараніцца і мела сэнс. І каб зрабіць гэта, трэба гаварыць на мове людзей, заключыў Папа.

Ён нагадаў перуанскім біскупам, што для іх папярэдніка не існавала евангелізацыі без міласэрнасці. Ён ведаў, што духоўнае багацце ніколі не можа быць аддзелена ад станоўчага матэрыяльнага дабра, асабліва, калі цэласнасць і годнасць асобы знаходзяцца пад пагрозай. Святы Біскуп нагадвае, што міласэрнасць павінна заўсёды суправаджацца справядлівасцю.

Старажытны іерарх разумеў, што перуанскі Касцёл павінен мець сваіх мясцовых душпастыраў. З гэтай мэтай ён стварыў духоўную семінарыю, бараніў права на святарскае пасвячэнне метысаў, спрэчнае пытанне ў той час, і імкнуўся давесці, што найважнейшае для духавенства, святасць, а не расавае паходжанне.

Францішак нагадаў і пра імкненне трэцяга біскупа Лімы, берагчы адзінства ў Касцёле. “Мы не можам адмаўляць існавання напружанасці і адрозненняў. Жыццё немагчыма без канфліктаў. Тым не менш, калі мы людзі і хрысціяне, трэба супрацьстаяць ім і прымаць іх. Але прымаць у духу адзінства, у сумленным і шчырым дыялогу, тварам у твар, імкнучыся не ўпасці ў спакусу ігнараваць тое, што адбылося, або застацца зняволеным гэтым усім, не маючы перспектывы адшукання шляху адзінства і міру”, - сказаў Пантыфік. Ён заклікаў біскупаў не заставацца “вязнямі падзелаў”.

Завяршаючы сваю прамову, Святы Айцец нагадаў, што смерць св. Тарыбіа стала сапраўдным сведчаннем, а яго пашпартам у неба былі імёны і твары тых, каго сустракаў на сваім шляху. “Маю надзею, браты, што калі будзем ісці ў наш апошні шлях, зможам спазнаць такіх ж досвед”, - сказаў Францішак падчас сваёй сустрэчы з перуанскім біскупамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.