2018-01-21 11:58:00

Францішак сустрэўся з духавенствам Перу


Сапраўднае пакліканне жывіцца памяццю – пра абяцанне, атрыманае ад Бога, пра ўласную гісторыю, продкаў, якія далі жыццё і навучылі маліцца, пра галоўную місію да выканання – любіць і з удзячнасцю служыць бліжнім. Аб гэтым нагадаў Францішак 20 студзеня 2018 г. падчас сустрэчы са святарамі, кансэкраванымі асобамі і семінарыстамі Перу. Каля тысячы асоб прывіталі Пантыфіка ў духоўнай семінарыі Трухільё.

“Наша вера, наша пакліканне багатыя на памяць, (...) бо ўмеюць распазнаць, што ні жыццё, ні вера, ні Касцёл не пачынаюцца са з’яўлення некага з нас: памяць звяртаецца да мінулага, каб адшукаць ваду, што акрапляла праз вякі сэрцы паслядоўнікаў, і праз гэта ўсведамляе прыйсце Бога ў жыццё свайго народу. Калі памяць пра абяцанне, якое Ён даў нашым айцам, застаецца жывой сярод нас, яна становіцца крыніцай нашай радасці”, - сказаў Пантыфік.

Святары і кансэкраваныя асобы, не пакліканы выцесніць Пана, ні ўчынкамі, ні місіяй, ні незлічонымі справамі. Ад іх “патрабуецца проста працаваць з Панам, плячо ў плячо. (...) Паслядоўнік ведае, што выконвае і заўсёды будзе выконваць волю Настаўніка”, сказаў Францішак. На яго думку, гэтае ўсведамленне дапаможа духавенству не лічыць сябе празмерна важнымі і занятымі, а наяўнасць багатай памяці пазбавіць ад спакусы фальшывага месіянства. Пантыфік лічыць, што уменне падыходзіць да сябе з іроніяй, уратуе святароў і законнікаў ад так званага “нэапелагіянізму” – разлічвання толькі на ўласныя сілы.

Папа запрасіў духоўных асоб захоўваць у памяці момант паклікання, каб не забывацца пра свае вытокі і карані. “Заклікаю вас не забываць і, тым больш, не зневажаць простую і адданую веру вашага народа. Умейце прымаць, суправаджаць і заахвочваць сустрэчу з Панам. Не ператварайцеся ў спецыялістаў па рэлігіі, што забываюцца на свой народ, з якога іх паклікаў Бог”, - звярнуўся Папа.

Святар, законнік ці законніца – гэта чалавек з багатай памяццю, радасны і ўдзячны: гэтую праўду трэба цвёрда запомніць і выкарыстоўваць як зброю ў змаганні з “камуфляжам” паклікання, дадаў Францішак.

“Вера ў Хрыста – заразная, яна не можа быць абмежавана або замкнёна”, - сказаў Святы Айцец. Ён выказаў перакананне, што ў фрагментарным свеце, які штурхае нас да ізаляцыі, духоўныя асобы “пакліканы быць рамеснікамі і прарокамі супольнасці”.

Іншая небяспека, ад якой перасцярог Францішак прадстаўнікоў духавенства, – гэта рызыка трапіць у пастку ўлады, якая ператвараецца ў аўтарытарызм, забываючы, што першасная місія – гэта місія служэння.








All the contents on this site are copyrighted ©.