2018-01-22 15:22:00

Папа развітаўся з Перу: не бойцеся быць святымі


Не бойцеся быць святымі XXI стагоддзя, заклікаў перуанскіх католікаў Святы Айцец у развітальным слове, якое прагучала 21 студзеня 2018 г. на заканчэнне св. Імшы, што прайшла на тэрыторыі авіябазы “Лас-Пальмас” у Ліме. Падзякаваўшы ўсім арганізатарам свайго візіту ў Перу, Францішак запэўніў, што пілігрымка пакінула “глыбокі след” у яго сэрцы. “Сустрэча з вамі была для мяне карыснай. Дзякуй!”, - сказаў ён.

Папа нагадаў, што пачаў сваё падарожжа са сцвярджэння, што Перу з’яўляецца краінай надзеі, “з-за разнастайнасці, якая тут прысутнічае, разам з прыгажосцю месцаў, што можа дапамагчы нам адкрыць прысутнасць Бога”. Перу – гэта зямля надзеі, паколькі тут можна назіраць багацце традыцый і звычаяў, якія ствараюць душу народа, прысутнасць маладых людзей, якія з’яўляюцца не толькі будучыняй, але і сённяшнім скарбам краіны, падкрэсліў Пантыфік. Ён папрасіў, каб моладзь адкрывала мудрасць сваіх бабуль і дзядуляў, пажылых людзей, спадчыну вялікіх святых Перу. Гэта дапаможа трымацца сваіх каранёў. 

У Папы знайшліся словы і для пажылога пакалення. “Бабулі і дзядулі, пажылыя людзі, не грэбуйце перадачай маладым пакаленням каранёў свайго народа і мудрасці шляху, які вядзе да неба. Я заклікаю ўсіх вас не баяцца быць святымі XXI стагоддзя”, - звярнуўся Францішак.

Ён выказаў перакананне, што ў перуанцаў “шмат падставаў жыць надзеяй”. “Я бачыў гэта, фізічна адчуў гэта ў мінулыя дні. Клапаціцеся пра надзею. Няма лепшага спосабу клапаціцца пра надзею, чым аб’яднацца, каб усе тыя матывы, якія яе падтрымліваюць, узмацняліся ўсё больш і больш кожны дзень. Надзея ў Богу ніколі не расчаруе” - запэўніў Папа.

Францішак развітаўся 21 студзеня 2018 г. вечарам з Перу, завяршаючы 22-е замежнае і 6-е лацінаамерыканскае падарожжа свайго пантыфікату, і 22 студзеня у другой палове дня вярнуўся ў Рым.








All the contents on this site are copyrighted ©.