2018-01-24 10:52:00

Францішак прыняў дэлегацыю язідаў


Пантыфік прыняў дэлегацыю язідаў. Падчас сустрэчы ён выказаў падтрымку членам гэтай супольнасці, асабліва тым, хто жыве ў Іраку і Сірыі. “Маю салідарнасць і малітву я сведчу нявінным ахвярам бессэнсоўнага і бесчалавечнага варварства. Гэта непрымальна, калі людзей пераследуюць і забіваюць з-за іх рэлігійнай прыналежнасці! Кожны чалавек мае права свабодна і без абмежаванняў вызнаваць свае рэлігійныя перакананні”, - сказаў Папа 24 студзеня 2018 г. у Ватыкане.

Ён нагадаў, што гісторыя язідаў, багатая духоўнасцю і культурай, на жаль, была адзначана невыказным парушэннем асноўных правоў чалавека: выкраданнем, рабствам, катаваннямі, прымусовым пераходам у іншую рэлігію, забойствамі. “Вашы святыні і месцы культу былі разбураны. Каму пашчасціла сярод вас, змаглі ўцячы, пакінуўшы ўсё, што мелі, нават рэчы найбольш дарагія і святыя”, - сказаў Пантыфік.

Францішак нагадаў, што ў многіх частках свету ўсё яшчэ існуюць рэлігійныя і этнічныя меншасці, уключаючы хрысціян, якіх пераследуюць за веру. Святы Пасад асуджае гэтыя сітуацыі, пастаянна патрабуючы прызнання, абароны і павагі да меншасцяў, заклікае да дыялогу і прымірэння, гаення ран.

“У чарговы раз я выступаю ў падтрымку правоў язідаў, у першую чаргу права на існаванне ў якасці рэлігійнай супольнасці”, - заявіў Папа, і дадаў, што ніхто не можа прэтэндаваць на ўладу, спыніць існаванне рэлігійнай групы. Ён нагадаў пра членаў супольнасці, якія ўсё яшчэ знаходзяцца ў руках тэрарыстаў і выказаў спадзяванне, што будзе зроблена ўсё магчымае, каб іх выратаваць. 

Міжнародная супольнасць не можа заставацца нямым і інэртным гледачом драмы язідаў, перакананы Папа. Ён заклікаў усіх унесці свой уклад у аднаўленне іх дамоў і месцаў культу, стварыць умовы для вяртання бежанцаў на свае землі і захавання ідэнтычнасці ўзгаданай рэлігійнай групы.

Язіды – гэта сінкрэтычная рэлігія, якая спалучае ў сабе ўсходнія вераванні з элементамі ісламу. Менавіта таму з яе вызнаўцамі настолькі жорстка змагаюцца радыкальныя мусульмане, якія лічаць іх ератыкамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.