cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Касцёл \ Экуменізм

Святы Айцец узначаліў экуменічныя нешпары

Святы Айцец узначаліў экуменічныя нешпары - AFP

25/01/2018 18:54

На біблійныя вобразы выратавання Майсея з водаў Нілу і пераходу ізраільскага народа праз воды Чырвонага мора спаслаўся Пантыфік 25 студзеня 2018 г., падчас урачыстых Нешпараў у рымскай базыліцы св. Паўла за Мурамі. Набажэнства завяршыла Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян. Святы Айцец нагадаў, што многія старажытныя Айцы разумелі гэтыя выратавальныя падзеі як сімвал хросту: нашы грахі былі патоплены Богам ў хрысцільнай вадзе. 

Усе мы, хрысціяне прайшлі праз воды хросту, а ласка сакрамэнту знішчыла нашых ворагаў – грэх і смерць. Выйшаўшы з вады, мы дасягнулі свабоды дзяцей; мы выйшлі як народ, як супольнасць братоў і сясцёр, нагадаў Папа падчас набажэнства, на якім прысутнічалі прадстаўнікі ўсіх хрысціянскіх канфесій.

Кожны з нас у жыцці адчувае пяшчоту Бога, Які з любоўю збаўляе нас ад граху, страху і трывогі. Гэты каштоўны досвед трэба захоўваць у сэрцы і памяці, лічыць Францішак. Але асабістыя перажыванні звязаны з больш маштабнай гісторыяй: збаўленнем народа Божага.

Папа спаслаўся на досвед св. Паўла і нагадаў, што менавіта Божая ласка спачатку ператварыла яго з ганіцеля ў вялікага апостала, а потым падштурхнула шукаць зносін з іншымі хрысціянамі. З духоўным ростам з’яўляецца разуменне, што ласка прыходзіць да нас з іншымі людзьмі. Калі я дзякую Богу за ўсё, што ён зрабіў для мяне, разумею, што не спяваю песню хвалы адзін, іншыя браты і сёстры робяць тое ж, заўважыў Пантыфік. 

Розныя хрысціянскія канфесіі спазналі гэты вопыт; у мінулым стагоддзі мы, нарэшце, зразумелі неабходнасць сустрэчы ля берагоў Чырвонага мора. Калі мы кажам, што прызнаем хрост хрысціян іншых традыцый, мы прызнаем, што яны таксама атрымалі прабачэнне і ласку Пана. І нават, калі ёсць адрозненні, мы пацвярджаем, што мы ўсе належым да народа адкупленых, сказаў Пантыфік у сваім казанні.

Ён зноў спаслаўся на прыклад ізраільскага народа, які пасля пераходу праз мора ўвайшоў на доўгі і цяжкі шлях праз пустыню. І хрысціяне сёння маюць шмат цяжкасцяў, ідучы праз многія духоўныя пустыні, якія падрываюць надзею і радасць. На гэтай дарозе ёсць і сур’ёзная небяспека для жыцця: шматлікіх паслядоўнікаў Хрыста гоняць за Яго імя. Калі праліваецца іх кроў, нават калі яны належаць да розных канфесій, разам становяцца сведкамі веры, мучанікамі, аб’яднанымі ў саюзе хроснай ласкі. Хрысціяне сутыкаюцца сёння з тым, што зневажае чалавечую годнасць: становяцца ахвярамі гандлю людзьмі і іншых сучасных форм рабства, няроўнасці, пакутуюць ад голаду. Але яны ніколі не павінны забывацца аб тым, што Бог зрабіў для іх. Толькі адраджаючы гэтую памяць, мы можам падтрымаць адно аднаго.

Францішак падзякаваў дэлегацыям усіх Цэркваў, прысутным на экуменічных нешпарах, за магчымасць разам спяваць хвалу Богу і прасіць Яго ў патрэбах свету, з упэўненасцю, што Ён працягвае захоўваць і суправаджаць свой народ на яго шляху.

Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян праходзіць штогадова з 18 па 25 студзеня. У яго рамках вернікі розных канфесій ва ўсім свеце збіраюцца разам на экуменічных набажэнствах, малітвах, канферэнцыях, канцэртах і іншых мерапрыемствах.


25/01/2018 18:54