2018-01-25 13:28:00

Папа да лютэран Фінляндыі: працягваць шлях экуменізму


Наша экуменічнае служэнне ў сучасным секулярызаваным свеце заключаецца ў абвяшчэнні прысутнасці жывога Бога, сцвярджэнні першаснасці тэмы Бога, Таго, Які паказаў сваё аблічча ў асобе Езуса з Назарэта, сказаў Папа 25 студзеня 2018 г. прадстаўнікам Евангелічна-Лютэранскай Царквы Фінляндыі. У гэтыя дні дэлегацыя здзяйсняе традыцыйную штогадовую пілігрымку ў Рым з нагоды свята св. Генрыха, аднаго з хрысціцеляў Фінляндыі.

Святы Айцец нагадаў факт нядаўняга сумеснага адзначэння 500-годдзя Рэфармацыі, што стала, па словах Францішка, “плённай магчымасцю для экуменізму”, працягам шляху да поўнага адзінства пад знакам “удзячнасці, пакаяння і надзеі”, так неабходных, “калі сапраўды жадаем аздаравіць нашу памяць”.

Паўсюднае святкаванне юбілею Рэфармацыі было пазбаўлена спрэчак і канфліктаў, бо нарэшце было ўсвядомлена як запрашэнне разам адказваць на праблему страты даверу да хрысціянства, узнаўляць моц сумеснага вызнання веры ў Трыадзінага Бога, дадаў Папа.

Францішак ухваліў падрыхтаваную Камісіяй па каталіцка-лютэранскім дыялогу Дэкларацыі адносна Царквы, Эўхарыстыі і служэння. Змест дакумента ўтрымлівае прынцыпова важныя тэмы, неабходныя для працягу экуменічнага дыялогу, пасля ўжо дасягнутай згоды адносна вучэння аб апраўданні, падкрэсліў Святы Айцец.

Нарэшце, Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян, распачаты 18 студзеня 2018 г., нагадвае пра сітуацыю цяжкасці і патрэбы, у якой знаходзіцца вялікая колькасць асоб па ўсім свеце, сказаў Папа. На заканчэнне аўдыенцыі ён заклікаў лютэран Фінляндыі маліцца, каб “хрысціяне ва ўсім свеце маглі быць інструментамі міру”, “каб былі сведкамі і служыцелямі любові, якая вылечвае і вядзе да прымірэння”.








All the contents on this site are copyrighted ©.