2018-01-26 12:21:00

Францішак прыняў членаў Кангрэгацыі Веравучэння


Місія Кангрэгацыі Веравучэння з’яўляецца ў першую чаргу пастырскай, нагадаў Францішак членам гэтай найстарэйшай і галоўнай дыкастэрыі Рымскай курыі, пакліканай назіраць за чысцінёй дактрыны і маралі Каталіцкага Касцёла. Папа прыняў іх на аўдыенцыі ў Апостальскім палацы 26 студзеня 2017 г. з нагоды заканчэння пленарнага пасяджэння гэтай структуры.

Гаворачы аб пастырскім аспекце дзейнасці Кангрэгацыі Веравучэння, Святы Айцец падкрэсліў, што сапраўдныя пастыры не “пакідаюць чалавека самому сабе, не дазваляюць яму стаць ахвярай уласнай дызарыентаванасці і памылак, але з праўдай і міласэрнасцю вядуць яго да адшукання свайго сапраўднага аблічча ў дабры”.

“Такім чынам, па-сапраўднаму пастырскай з’яўляецца кожнае дзеянне, накіраванае на тое, каб узяць чалавека за руку, калі ён згубіў сэнс сваёй годнасці і свайго лёсу, каб з даверам прывесці яго да пазнання любячага бацькоўства Бога, яго добрага лёсу і шляхоў да будавання больш гуманнага свету. Гэта вялікае заданне, якое чакае вашу Кангрэгацыю і кожную іншую пастырскую структуру Касцёла”, - сцвердзіў Францішак.

Святы Айцец заўважыў, што сучасны чалавек больш не ведае кім з’яўляецца і яму цяжка распазнасць як дзейнічаць добра. Таму важна, каб Кангрэгацыя Веравучэння нагадвала аб трасцэндэнтным пакліканні чалавека і непарыўнай сувязі яго розума з праўдай і дабром, у якія ўводзіць вера ў Езуса Хрыста. “Нічога так не дапамагае чалавеку пазнаць самога сябе і задуму Бога адносна свету, як адкрыццё розума на святло, што паходзіць ад Бога”, - сказаў Папа.

Пантыфік высока ацаніў пачатае Кангрэгацыяй Веравучэння даследванне некаторых аспектаў хрысціянскага збаўлення, каб пацвердзіць значэнне Адкуплення перад абліччам сучасных неапелагіянскіх і неагнастытычных тэндэнцый, якія “з’яўляюцца выразамі індывідуалізма, што спадзяецца на ўласныя сілы ў збаўленні”. 

“Мы, аднак, верым, што збаўленне заключаецца ў адзінстве з Уваскрослым Хрыстом, які дзякуючы ласцы дару свайго Духа, увёў нас ў новы парадак адносін з Айцом і паміж людзьмі. Таму можам з’яднацца з Айцом як дзеці ў Сыне, і стаць адным целам ў Тым, які “першародны між многімі братамі”, - сказаў Папа.

Францішак адзначыў важнасць вывучэння этычных аспектаў у эканоміка-фінансавай сферы. “Вучэнне Касцёла заўсёды з яснасцю сцвярджала, на гэты конт, што “эканамічны рух павінен развівацца паводле сваіх метадаў і законаў, але ў межах маральнага парадку, каб здзейсніўся Божы намер адносна чалавека”, - нагадаў ён словы пастырскай канстытуцыі “Gaudium et spes” аб Касцёле ў сучасным свеце.

Падчас пленарнага пасяджэння члены Кангрэгацыі Веравучэння абмяркоўвалі пытанні, звязаныя з суправаджэннем смяротна хворых людзей. Францішак звярнуў увагу на павелічэнне колькасці патрабаванняў эўтаназіі у некаторых краінах і разгляданне дабраахвотнага спынення чалавечага жыцця як “цывілізаванага” выбару. 

“Ясна, што там, дзе жыццё цэніцца не за яго годнасць, а за эфектыўнасць і прадуктыўнасць, усё гэта становіцца магчыма. У гэтым сцэнары трэба нагадваць, што чалавечае жыццё, ад зачацця на натуральнага заканчэння, надзелена годнасцю, якая робіць яго недатыкальным”, - сказаў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што сучаснай ментальнасці вельмі цяжка прыняць боль і пакуты, сэнс жыцця і смерці, з позіркам поўным надзеі. “Без моцнай надзеі, якая дапамагае таксама перад абліччам болю і смерці, чалавек не можа добра жыць і захоўваць даверлівую перспектыву адносна сваёй будучыні. Гэта адно з служэнняў, якое Касцёл пакліканы здзейсніць на карысць сучаснага чалавека”, - сказаў у сваёй прамове папа Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.