2018-01-27 11:55:00

Пантыфік ухваліў дэкрэты Кангрэгацыі па справах Кананізацыі


26 студзеня 2018 г. Францішак прыняў на аўдыенцыі кардынала Анджэла Амата, прэфекта Кангрэгацыі па справах Кананізацыі, і ўхваліў дэкрэты аб прызнанні цудаў, мучаніцтва і гераічнасці цнотаў новых кандыдатаў да хвалы алтароў.

Былі прызнаны цуды, здзейсненыя праз заступніцтва: бл. Назарыі Ігнасіі ад св. Тэрэзы ад Езуса, іспанскай законніцы, заснавальніцы кангрэгацыі Крыжовых місіянерак Касцёла, памерлай у 1943 г.; Альфонсы Марыі Эпінгер, французскай законніцы, заснавальніцы кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшага Збаўцы, памерлай у 1867 г.; Клеліі Мерлоні, італьянскай законніцы, заснавальніцы кангрэгацыі Апосталак Найсвяцейшага Сэрца Езуса, памерлай у 1930 г.; а таксама Марыі Крочэфісы ад Божай Любові, італьянскай законніцы, заснавальніцы кангрэгацыі Апосталак Найсвяцейшага Сэрца, памерлай у 1973 г.

Пантыфік ухваліў таксама два дэкрэты аб прызнанні мучаніцтва. Першы тычыцца біскупа Аранскага П’ера Клаўры, французскага дамініканіна, і яго 18-ці паплечнікаў, законнікаў і законніц, забітых з нянавісці да веры ў Алжыры, у перыяд паміж 1994-1996 гг. Біскуп Клаўры, разам са сваім кіроўцам, загінуў ад выбуху замініраванага аўтамабіля, пакінутага перад уваходам у яго рэзідэнцыю. У спісе яго паплечнікаў значацца таксама сем трапістаў з кляштара ў Тыбірыне, забітых ісламістамі ў маі 1996 г. Усе ўзгаданыя мучанікі, у цяжкія для Алжыра гады грамадзянскай вайны, вырашылі застацца ў гэтай краіне побач са сваім братамі мусульманамі, захоўваючы вернасць Хрысту і Касцёлу і даючы сведчанне міра і дыялога.

Другі дэкрэт аб прызнанні мучаніцтва тычыцца румынскай свецкай верніцы Веранікі Антал, францішканскай тэрцыяркі, забітай падчас спробы згвалтавання ў 1958 г. Яна прыватна склала абяцанне захавання чысціні, а ў часы камуністычнай дыктатуры прымала актыўны ўдзел у жыцці сваёй парафіі.

Наступныя два дэкрэты тычацца прызнання гераічнасці цнотаў: кс. Амброзіа Грытані, італьянскага святара і заснавальніка манаскага інстытута Аблатаў св. Бэнэдыкта Юзафа Лабра, памерлага ў 1951 г.; а таксама Мадлен Дэбрэль, французскай свецкай верніцы, пісьменніцы, памерлай у 1964 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.