Францішак глыбока засмучаны гібеллю людзей у выніку пажара ў бальніцы горада Мірян у Паўднёвай Карэі. Трагедыя здарылася 26 студзеня 2018 г. Яе ахвярамі сталі па меншай меры 37 чалавек. Значная частка з больш чым 70 пацярпелых знаходзіцца ў крытычным стане.
У спачувальнай тэлеграме, накіраванай за подпісам кардынала Пьетра Параліна, Дзяржсакратара Яго Святасці, Папа запэўніў у салідарнасці ўсіх, каго закранула трагедыя, а таксама выказаў падтрымку мясцовым уладам і супрацоўнікам ратавальных службаў.
Просячы для ўсіх аб Божым благаслаўленні сілы і суцяшэння, Францішак запэўніў у малітве аб вечным супакоі для ахвяр пажару і хуткім выздараўленні для пацярпелых.
Горад Мірян знаходзіцца ў 270 кіламетрах на паўднёвы ўсход ад Сеула. Бальніца, у якой здарылася трагедыя, спецыялізуецца на лячэнні і даглядзе за пажылымі людзьмі. На момант пажару на яе тэрыторыі, а таксама ў суседнім доме для састарэлых, знаходзілася каля 200 пацыентаў.
All the contents on this site are copyrighted ©. |