2018-01-28 12:59:00

Святы Айцец: Езус – моцны словамі і ўчынкамі Настаўнік


Стварыць цішыню навокал і ўнутры сябе, каб слухаць, пасярод гулу пасланняў свету, слова Езуса, што абвяшчае сэнс нашага існавання і вызваляе ад усіх форм рабства, у тым ліку ад няволі злога, заклікаў Францішак падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”, якая прайшла 28 студзеня 2018 г. на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

“Евангелле гэтай нядзелі (пар. Мк 1,21-28) з’яўляецца часткай больш шырокага апавядання вядомага як “дзень Кафарнаума”, - заўважыў Папа. - У цэнтры сённяшняга аповеду знаходзіцца здзейсненне экзарцызму, дзякуючы якому Езус аб’явіўся як моцны словамі і ўчынкамі прарок. 

Ён увайшоў у сінагогу Кафарнаума ў шабат і пачаў навучаць. Людзі здзіўляліся Яго словам, бо яны былі незвычайнымі, не падобнымі на тыя, што яны прызвычаіліся чуць. Кніжнікі навучалі, але без ўлады. Езус, аднак, навучаў як той, хто мае ўладу, адкрываючыся як Пасланнік Божы, а не як просты чалавек, які павінен заснаваць уласнае вучэнне толькі на існуючых дагэтуль традыцыях. Езус мае поўную ўладу. Яго вучэнне – новае і Евангелле кажа, што людзі каментавалі яго так: “Новае вучэнне, якое мае моц” (Мк 1,27).

У той жа час, Езус дэманструе сваю ўладу таксама праз учынкі. У сінагозе Кафарнаума быў чалавек, апанаваны нячыстым духам, які аб’явіўся выкрыкваючы такія словы: “Што Табе да нас, Езус Назаранін? Ты прыйшоў загубіць нас? Ведаю Цябе, хто Ты, Святы Божы” (Мк 1,24). Д’ябал кажа праўду: Езус прыйшоў, каб загубіць яго, каб перамагчы яго. Гэты нячысты дух ведаў моц Езуса і абвяшчаў таксама Яго святасць. Езус забараніў яму, кажучы: “Змоўкні і выйдзі з яго” (Мк 1,25). Гэтых некалькіх слоў Езуса было дастаткова, каб перамагчы шатана, які выйшаў з чалавека “таргануўшы яго і закрычаўшы моцным голасам” (Мк 1,26), кажа Евангелле.

Гэта здарэнне вельмі здзівіла прысутных. Яны ўсе спалохаліся і пыталіся: “Што гэта? (...) Ён і духам нячыстым загадвае, і яны слухаюцца Яго” (Мк 1,27). Моц Езуса пацвярджае ўладу Яго вучэння. Ён не толькі прамаўляе словы, але дзейнічае. Такім чынам Ён дэманструе задуму Бога праз словы і моц учынкаў. У Евангеллі, насамрэч, мы бачым, што Езус, у сваёй зямной місіі, паказвае Божую любоў як праз прапаведванне, так і праз шматлікія жэсты ўвагі і дапамогі хворым, патрабуючым, дзецям, грэшнікам.

Езус з’яўляецца нашым Настаўнікам, моцным словамі і ўчынкамі. Езус перадае нам усё святло, якое асвятляе шляхі, часам цёмныя, нашага жыцця; Ён перадае нам таксама сілу, неабходную для пераадолення цяжкасцяў, выпрабаванняў, спакусаў. Падумайма, якой вялікай ласкай з’яўляецца для нас знаёмства з такім магутным і такім добрым Богам! Ён настаўнік і сябар, які ўказвае нам шлях і клапоціцца пра нас, асабліва, калі знаходзімся ў патрэбе.

Няхай Панна Марыя, жанчына слухання, дапаможа нам стварыць цішыню навокал і ўнутры нас, каб слухаць, пасярод гулу пасланняў свету, самае моцнае слова, якое існуе: слова яе Сына Езуса, які абвяшчае сэнс нашага існавання і вызваляе нас ад усіх форм рабстваў, у тым ліку ад няволі злога”.

Пасля марыйнай малітвы Францішак прывітаў дзяцей і моладзь рымскага аддзялення руха “Каталіцкая акцыя”, якая прынялі ўдзел у ініцыятыве “Караван міру”. Ён заклікаў юнакоў і дзяўчат быць сведкамі супакою і радасці сярод сваіх аднагодак.








All the contents on this site are copyrighted ©.